2016-06-30 12:59:00

Баварскае святкаванне юбілею святарства Бэнэдыкта XVI


Серэнадай у гонар Бэнэдыкта XVI дэлегацыя з Баварыі адсвяткавала 65-ю гадавіну яго святарства. Падчас сустрэчы 29 чэрвеня 2016 г. увечары ў Ватыканскіх садах Папа на пенсіі разам з групай з больш за 100 чалавек выканаў гімн Баварыі. Госці прывезлі падарункі з радзімы: баварскае піва, галіны горнай хвоі і, перш за ўсё, прывітанне ад старэйшага брата Бэнэдыкта XVI кс. Георга Ратцынгера, які гадавіну святарства, свайго і брата, адзначае ў Рэгенсбургу.

“Маё сэрца заўсёды б’ецца для маёй Бацькаўшчыны”, - сказаў Папа на пенсіі на парозе кляштару “Mater Ecclesiae” ў Ватыканскіх садах, які пасля адстаўкі з’яўляецца яго сядзібай. Ён сказаў, што вельмі хацеў бы, каб Германія працягвала развівацца і была краінай, дзе “цудоўна жыць і быць чалавекам”.

У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі горада і раёна Траўштайн у Верхняй Баварыі, горныя стралкі і музыканты ў народных строях, якія выканалі “Schuhplatter” – традыцыйны баварскі народны танец.

Ватыканская цырымонія з нагоды 65-й гадавіны святарскага пасвячэння Бэнэдыкта XVI адбылася 28 чэрвеня ў Клеменційскай зале Апостальскага палаца. На ёй прысутнічаў папа Францішак.

Ёзэф Ратцынгер атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне 29 чэрвеня 1951 г. у катэдральным касцёле ў Фрайзінгу разам са сваім братам Георгам. Прыміцыйную св. Імшу ён адправіў 8 ліпеня ў Траўштайн, дзе жылі яго бацькі.








All the contents on this site are copyrighted ©.