2016-06-29 11:42:00

Францішак: малітва – лек ад закрытасці Касцёла


Малітва - гэта сапраўдны лек ад сканцэнтраванасці Касцёла на сабе, закрытасці, страху, смутку і падзелаў, лічыць Францішак. 29 чэрвеня 2016 г., ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, у ватыканскай базыліцы ён узначаліў св. Імшу разам з 25 арцыбіскупамі-мітрапалітамі, прызначанымі за мінулы год. Францішак благаславіў для іх паліі, якія пазней ім уручаць Апостальскія нунцыі ў мясцовых катэдральных касцёлах. Па традыцыі, на Эўхарыстыі прысутнічала праваслаўная дэлегацыя з Канстантынопальскага Патрыярхату, з Мітрапалітам Бостанскім Мяфодзіем на чале.

У сваёй гаміліі Францішак, спасылаючыся на літургічныя чытанні, звярнуў увагу на два ключавых словы: “закрыццё” і “адкрытасць”. Сюды ўпісваюцца таксама ключы, якія Езус абяцае Пятру, каб той мог “адчыняць” уваход у нябеснае валадарства, і ніколі наадварот.

Пантыфік падкрэсліў, што, як і жыццё св. Пятра, жыццё кожнага з нас “адкрываецца”, развіваецца ў поўнай меры, калі прымаем ад Бога Айца ласку веры. Ён нагадаў, што Пётр адправіўся ў доўгі і цяжкі шлях, які прывёў яго да “выхаду са сваіх уласных абмежаванняў”, і асабліва з яго ганарыстасці. Дзякуючы малітве Езуса, ён быў “вызвалены з турмы” свайго пыхлівага і баязлівага эга, пераадолеў спакусу самаізаляцыі на заклік Езуса ісці за Ім па шляху крыжа.

Папа спаслаўся на ўрывак з Дзеяў апосталаў, які апісвае сітуацыю пасля вызвалення Пятра з турмы Ірада. Апостал пайшоў у дом Яна, якога называлі Маркам, і пастукаў у дзверы. На другім баку адказала служанка па імені Рода, але пазнаўшы голас Пятра, яна ад радасці не адчыніла яму, а пабегла сказаць іншым, што Пётр стаіць ля брамы. “Гісторыя, якая можа здацца камічнай, дазваляе нам убачыць атмасферу страху ў хрысціянскай супольнасці, якая заставалася закрытай у доме і закрытай на нечаканасці ад Бога”, - сказаў Францішак і падкрэсліў, што гэта кажа нам пра спакусу, якая заўсёды пагражае Касцёлу: закрыцца ў сабе перад абліччам пагроз.

“Малітва дазваляе ласцы адкрыць шлях выйсця: ад страху да адвагі, ад смутку да радасці. І мы можам дадаць: ад падзелаў да еднасці”, - сказаў папа Францішак, і дадаў: “Так, мы кажам гэта сёння з упэўненасцю разам з нашымі братамі з дэлегацыі, накіраванай Экуменічным Патрыярхам Барталамеем для прыняцця ўдзелу ва ўрачыстасцях з нагоды святых заступнікаў Рыма”.








All the contents on this site are copyrighted ©.