2016-06-28 12:27:00

Папа прыняў дэлегацыю Канстантынопальскага Патрыярхату


Хоць з першых стагоддзяў існавала шмат адрозненняў паміж Цэрквамі Рыма і Канстантынопаля, напрыклад, у касцёльнай і літургічнай дысцыпліне, там заўсёды быў адзін і той жа досвед бясконцай Божай любові да нашай нязначнасці і крохкасці, заўважыў папа Францішак 28 чэрвеня 2016 г., прымаючы дэлегацыю Канстантынопальскага Патрыярхату, якая прыбыла ў Рым на ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла.

Пантыфік спаслаўся на Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці, які працягваецца ў Каталіцкім Касцёле, і падкрэсліў неабходнасць сведчання гэтай таямніцы, прытрымліваючыся прыкладу апосталаў Пятра і Паўла, і іншых апосталаў. Менавіта “досвед прабачэння і міласэрнасці аб’ядноўвае ўсіх тых, хто верыць у Хрыста”. На думку Папы, міласэрнасць павінна быць “крытэрыем і мерай” адносін паміж католікамі і праваслаўнымі. “Не можна працягваць сілкаваць пачуццямі і адносінамі суперніцтва, недаверу і азлобленасці”, - падкрэсліў Францішак.

Ён выказаў спадзяванне, што будзе асягнута адзінства першага тысячагоддзя хрысціянства, якое палягала не на аднастайнасці, а на “зносінах з павагай да законных адрозненняў”, забяспечаных тэалагічным дыялогам. У гэтым канстэксце Францішак адзначыў працу Паўночнаамерыканскай праваслаўна-каталіцкай тэалагічнай кансульты, заснаванай больш за пяцьдзесят гадоў таму, і Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

Пантыфік узгадаў свой нядаўні сумесны з Патрыярхам Канстантынопальскім і Архіепіскапам Афінскім і ўсяе Грэцыі візіт на востраў Лесбас да бежанцаў і мігрантаў. Такія сумесныя ініцыятывы, на яго думку, дзякуючы Святому Духу, дапамагаюць усё больш яснаму ўсведамленню, што католікі і праваслаўныя нясуць агульную адказнасць перад тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе, і што гэта вынікае з аднаго Евангелля Езуса Хрыста. Францішак заклікаў актывізаваць “усе формы супрацоўніцтва паміж католікамі і праваслаўнымі ў служэнні спрагненаму чалавецтву”.

Святы Айцец прызнаўся, што разам з многімі вернікамі Каталіцкага Касцёла суправаджаў малітвамі падрыхтоўку і правядзенне Усеправасланага Сабору, які завяршыўся на Крыце. Ён запэўніў дэлегацыю Канстантынопальскага Патрыярхату ў сваёй братэрскай любові і павазе і папрасіў праваслаўных іерархаў аб малітве за сваё служэнне.








All the contents on this site are copyrighted ©.