2016-06-28 14:24:00

Епіскапаты ЕС пра дыскусію аб будучай форме Еўропы


Старшыня Камісіі Епіскапатаў Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) Кардынал Рэйнхард Маркс выказаў шкадаванне з нагоды рашэння грамадзян Вялікабрытаніі пакінуць Еўрапейскі Саюз. “Калі адзін з членаў пакідае Саюз, гэта заўсёды “балюча” і мае наступствы для ўсіх”, сказаў іерарх 27 чэрвеня ў Бруселі. 

“Цяпер, - дадаў ён, - размовы пра выхад патрабуюць ад усіх зацікаўленых асоб адказнасці і “правільнага падыходу”, але наступствы гэтага працэсу не могуць балюча адчуць на сабе самыя слабыя, і тыя, каго лёгка параніць, як у Вялікабрытаніі, так і на ўсёй тэрыторыі Еўрапейскага Саюза”.

Старшыня COMECE папярэдзіў, што Еўрасаюз “не павінен заставацца ў бесперапыннай сканцэнтраванасці на сабе”. Ён нагадаў, што еўрапейскія народы і дзяржавы нясуць маральную адказнасць за свет, за бедныя краіны і абарону стварэння. ЕС павінен усведамляць гэту глабальную адказнасць, таксама ў зменных палітычных абставінах.

“Пасля брытанскага рэферэндуму для Еўропы настаў час паглядзець у будучыню”, - падкрэсліў кардынал Маркс і дадаў, што рашэнне брытанскага электарату ставіць Еўрапейскі саюз і яго дзяржавы-члены перад пытаннем аб яго мэтах. Грамадства павінна як бы “па-новаму вынайсці” Еўропу і таму разважанні над далейшым развіццём павінны адбывацца ў шырокай перспектыве.

Кардынал Маркс адзначыў, што гэта таксама пытанне аб адшуканні шляхоў да “сапраўднага еўрапейскага гуманізму”, да якога заахвочваў папа Францішак падчас цырымоніі ўручэння яму Міжнароднай прэміі Карла Вялікага ў Ватыкане.

Іерарх падкрэсліў, што Касцёл хоча ўнесці свой уклад у дыскусію аб будучай форме Еўропы і нагадаў, што ў ЕС жывуць каля 273 млн. католікаў, якія складаюць каля 54% ад агульнай колькасці насельніцтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.