2016-06-25 12:15:00

Папа пра перамір’е ў Калумбіі і выхад Вялікабрытаніі з ЕС


Падчас пералёту 24 чэрвеня 2016 г. з Рыму ў Ерэван у рамках Апостальскага візіту ў Арменію папа Францішак даў кароткае інтэрв’ю журналістам, якія суправаджаюць яго ў армянскім падарожжы. Ён пракаментаваў навіну аб падпісанні перамір’я паміж бакамі канфлікту ў Калумбіі і выказаў сваё стаўленне адносна рашэння Вялікабрытаніі аб выхадзе з Еўрасаюза.

Святы Айцец прызнаўся, што вестка аб спыненні ваенных дзеянняў у Калумбіі яго вельмі парадавала. Перамір’е, падпісанае паміж урадам краіны і баевікамі арганізацыі “FARC”, павінна канчаткова спыніць вайну, якая доўжыцца каля 50 гадоў. “Я жадаю, каб краіны, якія працавалі для дасягнення гэтага міру і забяспечылі яго існаванне, “пакрылі яго бранёй” настолькі, каб ужо ніколі не было магчыма вярнуцца – ні звонку, ні знутры – да стану вайны”, - сказаў Францішак.

Абвяшчэнне аб падпісанні перамір’я было зроблена лідарам леварадыкальных паўстанцаў і прэзідэнтам Калумбіі. Бакі не выключаюць, што гэтая дамоўленнасць з часам можа стаць паўнавартаснай мірнай дамовай. Ахвярамі канфлікту, які стаў самым працяглым у гісторыі заходняга паўшар’я, сталі каля 220 тыс. чалавек, больш за 7 млн згубілі дамы і нармальныя ўмовы для жыцця.

Гаворачы пра рэферэндум, праведзены ў Вялікабрытаніі, падчас якога жыхары краіны большасцю галасоў выказаліся за спыненне членства краіны ў Еўрасаюзе, Францішак падкрэсліў, што такім было “жаданне народа”. “Гэта патрабуе ад нас вялікай адказнасці, каб гарантаваць дабрабыт насельніцтва Вялікабрытаніі, агульнае дабро і суіснаванне на ўсім еўрапейскім кантыненце”, - дадаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.