2016-06-25 12:41:00

Запавет Францішка армянам: памяць, вера, міласэрная любоў


Каля 50 тыс. вернікаў прыбылі на Эўхарыстыю з Папам у другі па велічыні горад Арменіі – Гюмры, моцна пацярпелы ад землятрусу 1988 г. Францішак заклікаў іх будаваць сваё жыццё на памяці, веры і міласэрнай любові.

Кажучы пра першае, Пантыфік адзначыў, што гаворка ідзе як пра асабістую памяць, так і пра памяць народа. “Хрысціянская вера, якая стала дыханнем вашага народа, гэта памяць сэрца”, - сказаў ён. Францішак заклікаў армян-католікаў не спыняцца ў адкрыцці прыгажосці веры, не абмяжоўваць яе да нечага з мінулага, не хаваць у архіве. Ён запрасіў маладых людзей не баяцца адказваць на голас Бога, Які кліча да святарскага або манаскага служэння. Асновай жыцця вучня Езуса павінна быць міласэрная любоў, нагадаў Папа.

Францішак падкрэсліў неабходнасць канкрэтнага сведчання хрысціянскай любові і міласэрнасці, клопату пра слабых і бедных. “Патрэбныя хрысціяне, якія не дадуць перамагчы сябе нягодам, не знеахвоцяцца цяжкасцямі, даступныя і адкрытыя, гатовыя служыць. (...) Патрэбна грамадства больш справядлівае, у якім кожны будзе мець годнае жыццё і, перш за ўсё, справядліва аплачаную працу”, - сказаў Пантыфік.

Ён спаслаўся на вучэнне св. Грыгорыя з Нарэку, які казаў, што трэба ў першую чаргу лічыць сябе людзьмі, якія патрабуюць міласэрнасці, а затым, перад абліччам пакут і ран, якія бачым, не замыкацца ў сабе, але шчыра і ўпэўнена адкрывацца да Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.