2016-06-24 15:53:00

Францішак звярнуўся да армянскіх палітыкаў і дыпламатаў


Візіт ветлівасці да Прэзідэнта Арменіі і сустрэча з прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса сталі чарговым этапам візіту Святога Айца ў Арменію. У другой палове дня 24 чэрвеня 2016 г. Пантыфік прыбыў у палац кіраўніка дзяржавы. Серж Саргсян сустрэў яго пры ўваходзе і суправадзіў у Залу прыёмаў, дзе адбылася іх прыватная размова.

Пасля яе Папа правёў сустрэчу з палітыкамі, грамадскімі дзеячамі і дыпламатамі, усяго 240 чалавек, да якіх звярнуўся з прамовай. 

Генацыд армян у Асманскай імперыі "даў пачатак сумнаму спісу жудасных катастроф мінулага стагоддзя, прычынай якіх сталі памылковыя расавыя, ідэалагічныя ці рэлігійныя перакананні, якія настолькі затуманілі розум палачоў, што яны пасунуліся да знішчэння цэлых народаў”, заўважыў Папа.

Святы Айцец выказаў пашану армянскаму народу, які, “асветлены святом Евангелля, нават у самыя трагічныя моманты сваёй гісторыі заўсёды знаходзіў у крыжы і Хрыстовым уваскрасенні сілу паўставаць з годнасцю”. Ён пажадаў, каб памятаючы пра гэтыя падзеі, вырашэнне міжнародных супярэчнасцяў суправаджалася дыялогам і пошукам міру.

Францішак адзначыў важнасць супрацоўніцтва паміж усімі, хто верыць у Бога, каб “ізаляваць тых, хто выкарыстоўвае рэлігію для ажыццяўлення праектаў вайны, прыгнёту і гвалтоўнага пераследу, інструменталізуючы і маніпуліруючы святым Божым іменем”.

У актуальным кантэксце канфліктаў і пераследу хрысціян, па словах Папы, важна, каб адказныя за лёсы краін з адвагай прадпрынялі ініцыятывы дзеля спынення пакут, абароны ахвяр, спрыяння справядлівасці і ўстойліваму развіццю. 

“Армянскі народ сам перажыў такія сітуацыі; зведаў пакуты і боль, зведаў пераслед; захоўвае ў сваёй памяці не толькі раны мінулага, але і дух, які аднойчы дазволіў яму пачаць нанова. У гэтым сэнсе заклікаю вас зрабіць свой каштоўны ўклад у міжнародную супольнасць”, - сказаў Папа.

Спасылаючыся да 25-годдзя незалежнасці Арменіі, якое адзначаецца сёлета, Францішак пажадаў, каб “хрысціянская тоеснасць”, “лучнасць паміж усімі армянамі” і “ўзросшыя намаганні па вызначэнні карысных шляхоў для пераадолення напружанасці з некаторымі суседнімі краінамі” дапамаглі ў рэалізацыі гэтых важных мэтаў, “даючы пачатак новай эпосе сапраўднага адраджэння” краіны.

Пасля прамовы Папа накіраваўся ў Эчміядзінскі палац, дзе правёў прыватную сустрэчу з Каталікосам усіх армян Гарэгінам ІІ. 








All the contents on this site are copyrighted ©.