2016-06-24 12:24:00

Святы Пасад у ААН пра праблемы бізнесу і правоў чалавека


Ролі і адказнасці транснацыянальных карпарацый у адносінах да правоў чалавека прысвяціў сваё выступленне 23 чэрвеня 2016 г. пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе на 32-й сесіі Савета па правах чалавека. Арцыбіскуп Юркавіч лічыць, што міжнароднае права не ў дастатковай ступені рэгулюе абавязацельствы ў гэтай сферы.

Іерарх растлумачыў такое меркаванне і заўважыў, што транснацыянальныя карпарацыі сталі частымі ўдзельнікамі ў арбітражы супраць канкрэтных урадаў, з якімі раней падпісалі інвестыцыйныя дамовы. Даволі часта такія дамовы не ўлічваюць асноўных правоў чалавека, і міжнародныя карпарацыі могуць лёгка злоўжываць недахопам дзеючай міжнароднай прававой сістэмы, каб пазбегнуць адказнасці ў гэтай сферы за парушэнні ў зонах са слабым кіраваннем. 

Апостальская Сталіца ўсведамляе, што няма лёгкіх шляхоў для вырашэння шматгранных праблем бізнесу і правоў чалавека, але адпраўным пунктам тут павінна быць годнасць, уласцівая чалавечай асобе, а не грошы. Інакш любыя намаганні прывядуць да шырокага калапсу каштоўнасцяў салідарнасці і павагі.

Прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН заклікаў тых, хто працуе на розных пасадах у эканоміцы і ў галіне фінансаў зрабіць выбар на карысць дабрабыту ўсяго чалавецтва, а не асобнай яго часткі.








All the contents on this site are copyrighted ©.