2016-06-22 20:53:00

Францішак выказаў захапленне армянскай гісторыяй


"Прыбываю да містычных вышынь Арменіі", натхнёны "жаданнем убачыць вашы абліччы, маліцца разам з вамі і раздзяліць дар сяброўства", сказаў папа Францішак у відэапасланні, якое скіраваў напярэдадні свайго падарожжа ў гэту каўказскую рэспубліку. 

Вітаючы народ "першай хрысціянскай краіны", Пантыфік прызнаўся, што прыбывае, "як пілігрым, у гэты Юбілейны Год, каб зачарпнуць старажытнай мудрасці" армянскага народу і "напіцца з крыніц" яго веры, "моцнай", як іх "славутыя крыжы, выбітыя з камня".

"Ваша гісторыя і дзеі вашага ўмілаванага народу выклікаюць у мяне захапленне і боль: захапленне, бо вы знайшлі ў крыжы Езуса і вашым характары сілу, каб заўсёды ўздымацца, нават з пакут, якія належаць да найстрашнейшых з тых, што памятае чалавецтва; а боль - ад трагедый, якія вашы айцы адчулі на ўласнай скуры", - сказаў Папа. 

Святы Айцец заклікаў армян не дазволіць "балючым успамінам" запанаваць над іх сэрцамі і не здавацца перад абліччам няспынных нападаў зла. "Як слуга Евангелля і пасланнік міра хачу прыйсці да вас, каб падтрымаць усе намаганні на шляху да згоды і раздзяліць вашыя крокі на дарозе да паяднання, якое нараджае надзею", - сказаў ён.

Францішак нагадаў пра вялікіх святых армянскага народа, сярод якіх - Доктар Касцёла св. Грыгорый з Нарэка. Папа выказаў надзею, што яго сустрэча з Каталікосам усіх армян Гарэгінам ІІ стане чарговым крокам на шляху да поўнай еднасці. 

Візіт Святога Айца ў Арменію будзе праходзіць 24-26 чэрвеня 2016 г. Пантыфік наведае чатыры месцы: Эчміядзін, Ерэван, Гюмры і Хор Вірап. 








All the contents on this site are copyrighted ©.