2016-06-22 11:05:00

Папа: дотык да беднага – шанец на ачышчэнне


Дотык да беднага можа ачысціць нас ад крывадушнасці і зрабіць больш заклапочанымі яго станам, падкрэсліў папа Францішак 22 чэрвеня 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Пантыфік падзяліўся з вернікамі сваімі разважаннямі аб евангельскім апавяданні пра аздараўленне Езусам хворага на праказу (Лк 5,12-16). 

“Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць” – гэта просьба, як мы чулі, з якой пракажоны звярнуўся да Езуса. Гэты чалавек не прасіў толькі аб аздараўленні, але аб “ачышчэнні” – гэта значыць поўным аздараўленні, целам і душой. Сапраўды, праказа лічылася формай Божага праклёну, глыбокай нячыстасцю. Пракажоны павінен быў трымацца далёка ад ўсіх; не меў доступу да святыні і да ніводнага Боскага служэння. Быў далёка ад Бога і далёка ад людзей”, - сказаў Папа.

Нягледзячы на гэта евангельскі пракажоны не пабаяўся парушыць закон: ён увайшоў у горад і калі знайшоў Езуса “упаў ніцма, молячы Яго і кажучы: “Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць”.

“Усё што гэты чалавек, які лічыўся нячыстым, рабіў і казаў, з’яўляецца выразам ягонай веры! Ён прызнаў моц Езуса: быў упэўнены, што Той мае ўладу аздаравіць яго і што ўсё залежыць ад Яго волі. Гэта вера з’яўляецца сілай, якая дазволіла яму зламаць усе ўмоўнасці і шукаць сустрэчы з Езусам, укленчыўшы перад Ім, назваць яго “Панам”. Малітва пракажонага паказвае, што калі становімся перад Езусам не абавязкова трэба рабіць доўгія прамовы. Дастаткова некалькіх слоў, галоўнае, каб яны суправаджаліся поўным даверам да Яго ўсемагутнасці і дабрыні. Даверыцца Божай волі на самой справе значыць заглынуцца ў Яго бясконцую міласэрнасць”, - сказаў Папа.

Езус быў глыбока ўражаны гэтым чалавекам. Евангелле паводле св. Марка падкрэслівае, што “злітаваўшыся над ім, Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: “Хачу, будзь ачышчаны!”. Гэтым жэстам і словамі Езус зрабіў больш ясным сваё навучанне. 

“Насуперак прадпісанням Закона Майсея, які забараняў набліжацца да пракажонага, Езус працягвае руку і нават дакранаецца да яго. Здараецца, што мы сустракаем беднага, які ідзе нам насустрач! Мы можам быць да яго шчодрымі, можам мець спачуванне, але звычайна не дакранаемся да яго. Даем яму манету, але пазбягаем дотыку рукой. І забываем, што гэта цела Хрыста! Езус нас вучыць не баяцца дакранацца да бедных і адчужаных, бо Ён прысутнічае ў іх. Дотык да беднага можа ачысціць нас ад крывадушнасці і зрабіць больш заклапочанымі яго станам”, - сказаў Пантыфік.

Пасля здзейснення цуду Езус загадаў нядаўняму пракажонаму нікому пра гэта “не расказваць, а пайсці, паказацца святару і скласці ахвяру за сваё ачышчэнне, як наказаў Майсей, дзеля сведчання ім”. Такім чынам, паводле Францішка, Хрыстус дэманструе тры важныя рэчы.

“Па-першае: ласка, якая дзейнічае ў нас не шукае сенсацый. Звычайна яна паступае сціпла і без шуму. Каб вылячыць нашы раны і прывесці нас на шлях святасці, яна працуе з цярплівасцю ўпадабняючы наша сэрца да сэрца Пана, каб яно ўсё больш набывала Ягоныя думкі і пачуцці. Па-другое: афіцыйна пацвярджаючы перад святарамі аздараўленне, якое адбылося, і складаючы ахвяру, пракажоны нанова ўключаўся ў супольнасць вернікаў і грамадскае жыццё. Яго вяртанне завяршае аздараўленне. Як ён сам і прасіў, зараз быў цалкам ачышчаным! Нарэшце, паказаўшы сябе святарам, пракажоны складае ім сведчанне аб Езусе і Яго ўладзе Месіі. Сіла спачування, з якой Езус аздаравіў пракажонага, прывяла веру гэтага чалавека да адкрытасці на місіянерства”, - падкрэсліў Францішак.

Напрыканцы катэхезы Пантыфік заклікаў вернікаў з шчырасцю падумаць пра ўласныя слабасці, якія часта хаваюць за “добрымі манерамі”, а таксама застацца ў адзіноце, стаць на калені перад Богам і маліцца: “Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць”.








All the contents on this site are copyrighted ©.