2016-06-21 11:15:00

Прыпынены ранішнія Імшы ў “доме” Папы


На працягу бліжэйшых летніх месяцаў папа Францішак не будзе цэлебраваць стаўшыя традыцыйнымі ранішнія св. Імшы з вернікамі ў капліцы ватыканскага Дому св. Марты – месца ў якім пражывае. Апошняя перад летнім адпачынкам Эўхарыстыя прайшла тут раніцай 20 чэрвеня. Іх правядзенне будзе адноўлена 8 верасня 2016 г.

Ранішняя літургія, якую Папа амаль штодзённа цэлебруе ў прысутнасці невялікай групы вернікаў, стала адным з новаўвядзенняў гэтага пантыфікату. Падчас яе Святы Айцец як пробашч звяртаецца да прысутных са сваёй гаміліяй, падрыхтоўкай якой займаецца пры першых промнях сонца, пасля малітвы і чытання літургічных тэкстаў. 

Запрошаныя на Эўхарыстыю асобы прыбываюць згодна са спецыяльным графікам, групамі па 40-50 чалавек. Напачатку пантыфікату гэта былі супрацоўнікі ватыканскіх структур, а затым вернікі з рымскіх парафій, бо Папа з’яўляецца таксама Біскупам Рыма.








All the contents on this site are copyrighted ©.