2016-06-20 12:29:00

Пантыфік: не асуджаць, а маліцца за іншых


Перш чым судзіць іншых, трэба паглядзець на сябе ў люстэрка, адзначыў папа Францішак 20 чэрвеня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Пантыфік падкрэсліў, што Божае суджэнне адрознівае ад чалавечага не ўсемагутнасць, а міласэрнасць.

Судзіць можа толькі Бог, таму, калі мы не хочам быць асуджанымі, не павінны судзіць іншых. Па словах Францішка, кожны хоча, каб у дзень Апошняга суда Пан паглядзеў на яго "з добразычлівасцю, каб забыў пра многія кепскія рэчы, якія мы ўчынілі ў жыцці”. Калі ж пастаянна асуджаем іншых, нам будзе адмерана паводле такой жа меры. 

“Паглядзі ў люстэрка, але не для таго, каб зрабіць макіяж, схаваць маршчыны. Не, не гэта парада! Паглядзі ў люстэрка, каб убачыць, кім з’яўляешся. “Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? Або, як скажаш брату свайму: Дазволь мне выняць шчэпку з вока твайго, калі ў тваім воку бервяно?” І як Пан да нас ставіцца, калі робім так? З адным толькі словам: “Крывадушны, спачатку выкіні бервяно з вока свайго і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока брата твайго”, - сказаў Папа.

Па словах Францішка, Пан “крыху абураецца”, калі нехта ставіць сябе на “месца Бога”. Менавіта да гэтага спакусіў змей Адама і Еву: “быць як Ён” і яны захацелі заняць месца Бога.

“Таму вельмі кепска асуджаць. Суд належыць толькі Богу, толькі Яму! А нам: любоў, спагада, малітва за іншых, калі бачым нядобрыя рэчы. А таксама трэба казаць ім: “Паслухай, я бачу гэта, магчыма...” Не судзіць. Ніколі. Гэта крывадушнасць, калі мы асуджаем”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што чалавечае суджэнне “беднае” і ніколі не можа быць “сапраўдным суджэннем”, падобным да Божага, таму што яму заўсёды будзе не хапаць міласэрнасці. “Калі судзіць Бог, робіць гэта з міласэрнасцю”, - дадаў ён. Напрыканцы гаміліі Пантыфік заклікаў вернікаў маліцца аб разуменні гэта таямніцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.