2016-06-18 14:06:00

Мітрапаліт Кандрусевіч на канферэнцыі ў Навасібірску


Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прымае ўдзел у пастырскай канферэнцыі дыяцэзіі Перамянення Пана ў Навасібірску. Яна праходзіць 15-19 чэрвеня 2016 г. у межах святкавання 25-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Расіі. 

У каментары для Ватыканскага радыё іерарх нагадаў, што 1991 г. для Касцёла ў Расіі быў вельмі важным. Тады пачалося адраджэнне, нягледзячы на малую колькасць святароў, кансэкраваных асобаў, храмаў і малітоўных дамоў. "Cонца атэізму выпаліла веру”, але “яна заставалася дзякуючы малітвам, клопату пажылых людзей, якія перадавалі яе маладым пакаленням”.

“Сітуацыя была вельмі цяжкая. Калі я атрымаў біскупскае пасвячэнне і Папа прызначыў мяне ў Беларусь, адзін італьянскі журналіст спытаў, з чаго я распачну. Я сказаў, што з закладання фундаментаў. Калі той жа журналіст спытаў з чаго я распачну працу ў Расіі, я адказаў, што з капання рвоў пад фундаменты”, - падзяліўся успамінамі Мітрапаліт.  

Па словах іерарха, на працягу шаснаццаці гадоў працы ў Расіі яго ўмацоўвала надзея. За гэты перыяд павялічылася колькасць біскупаў, былі створаны каталіцкія структуры, выдавалася каталіцкая літаратура на рускай мове – толькі ў Маскве больш за 600 найменьванняў выданняў, былі заснаваны навучальныя ўстановы, была наладжана праца “Caritas”, значна ўзрасла колькасць святароў і законніц.

Арцыбіскуп Кандрусевіч працягвае часта бываць у Расіі і на яго думку відавочна, што развіццё Касцёла тут працягваецца, а гэта з’яўляецца прычынай вялікай радасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.