2016-06-18 11:55:00

Ватыкан прыняў чарговую групу бежанцаў


Група сірыйскіх бежанцаў дасягнула Рыма дзякуючы дапамозе папы Францішка. Гаворка ідзе пра дзевяць чалавек, двое з якіх з’яўляюцца хрысціянамі. Дзякуючы арганізаванаму экуменічнай “Супольнасцю св. Эгідзія” гуманітарнаму калідору яны прыбылі ў Італію з грэчаскага вострава Лесбас.

У спецыяльным паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы падкрэсліваецца, што гэта з’яўляецца працягам жэсту Пантыфіка, які наведваючы Лесбас у красавіку 2016 г., забраў з сабой у Рым тры сям’і бежанцаў.

Іх прабыванне фінансуе Святы Пасад, а пошукам жылля займаецца “Супольнасць св. Эгідзія”. Прыбыццё чарговай групы бежанцаў стала магчыма дзякуючы супрацоўніцтву Ватыканскай жандармерыі і Міністэрства ўнутраных спраў Грэцыі. У групе прынятай Пантыфікам шэсць дарослых і тры дзіцяці. Усе яны знаходзіліся ў лагеры для бежанцаў “Кара Тэпэ” на Лесбасе, куды трапілі праз тэрыторыю Турцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.