2016-06-17 11:09:00

Папа заклікаў да “евангельскага рэалізму”


Дасягнуць усіх сем’яў, не займацца душпастырствам “гета” і даць месца сведчанню пажылых людзей, заклікаў папа Францішак удзельнікаў кангрэсу Рымскай дыяцэзіі, з якімі сустрэўся з нагоды адкрыцця форума 16 чэрвеня 2016 г. у базыліцы св. Яна на Латэране. 

Трохдзённая сустрэча прысвечана душпастырству сем’яў ў святле Апостальскай адгартацыі “Amoris laetitia”. Разважаючы над ёй важна пазбягаць абстрактных размоваў, каб мець магчымасць “стаць бліжэй і дапамагчы канкрэтным асобам”, нікога не лічыць згубленым. Важна “не ідэалагізаваць веру праз добра спраектаваныя сістэмы, якія аднак ігнаруюць ласку”, заклікаў Пантыфік.

Па словах Папы, сем’і – гэта не “праблема”, але “магчымасць”. Трэба імкнуцца дасягнуць іх усіх, а не толькі тых, якія наведваюць парафію. Трэба ператварыць у рэальнасць мару Бога, што пад сілу толькі людзям веры, “якія не перакрываюць шляхоў дзейнасці Святога Духа” і гатовыя “запэцкаць рукі”.

Заклікаючы да “евангельскага рэалізму” Францішак зааховіць пазбягаць суджэнняў, якія не ахопліваюць усёй складасці жыцця. “Евангельскі рэалізм пэцкае рукі, бо ведае, што “зерне і хмызняк” растуць разам”, - сказаў ён. Касцёл на яго думку павінен быць здольным прыняць “логіку спагады да слабых людзей”.

“Той, хто больш за ўсіх іншых запэцкаў свае рукі – гэта Езус. (...) Ён не быў чыстым, але ішоў да людзей, паміж людзьмі і прымаў людзей такімі, якія яны былі, а не якім павінны быць”, - сказаў Папа.

Спасылаючыся на вобраз евангельскага фарысея, які дзякаваў Богу, што “не такі, як іншыя”, Францішак заклікаў не ставіць сабе з заслугу прыналежнасць да пэўнай каталіцкай асацыяцыі ці структуры, бо “гэта не дапамагае душпастырству”, але імкнуцца да навяртання і пакоры, што “дазволіць глядзець на сем’і з пяшчотнасцю, з якой глядзіць Бог”.

Папа заклікаў таксама належным чынам ацаніць сведчанне радасці і любові, якое даюць пажылыя людзі і сужонкі, якія пражылі ўсё жыццё разам.

“Адмовіцца ад агароджаў” і ўвасці ў “кантакт з канкрэтным жыццём іншых”, развіць сямейнае душпастырства “здольнае прымаць, суправаджаць, здольнае да праніклівасці і інтэграцыі”, заахвоціў Святы Айцец не заканчэнне сваёй прамовы.








All the contents on this site are copyrighted ©.