2016-06-17 14:07:00

Пантыфік: Касцёл патрабуе гатовых рызыкаваць свецкіх


Касцёл мае патрэбу ў добра падрыхтаваных свецкіх верніках, натхнёных шчырай і светлай верай, гатовых рызыкаваць і не баяцца памыліцца, сказаў папа Францішак 17 чэрвеня 2016 г. падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай рады па справах свецкіх.

Сустрэча прайшла ў кантэксце рэформы Рымскай курыі і стварэння новай Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, у склад якой увойдуць, пачынаючы з 1 верасня 2016 г. цяперашняя Папская рада па справах свецкіх і Папская рада па справах сям’і. “Гаворка ідзе пра завяршэнне важнага этапу і адкрыццё новага для Дыкастэрыі Рымскай курыі, якая суправаджала жыццё, сталенне і трансфармацыю свецкіх католікаў ад Другога Ватыканскага Сабора да сённяшняга дня”, - падкрэсліў Папа.

За 50 гадоў сваёй дзейнасці Папская рада па справах свецкіх прынесла мноства плёнаў: ад Сусветных дзён моладзі, “прылады евангелізацыі новых пакаленняў”, да з’яўляення шматлікіх новых каталіцкіх рухаў і ўмацавання ролі жанчыны ў Касцёле.

“Можам сказаць, што мандат, які вы атрымалі ад Сабора заключаўся менавіта ў “падштурхоўванні” свецкіх вернікаў усе больш і лепш уключыцца ў евангелізацыйную місію Касцёла, не па “даручэнні” іерархіі, але таму, што іх апостальства “гэта ўдзел у самой збаўчай місіі Касцёла і менавіта для гэтага апостальства сам Пан прызначае ўсіх праз хрост і канфірмацыю”. Гэта ўваходная брама! У Касцёл уваходзяць праз хрост, а не праз святарскае ці біскупскае пасвячэнне! Усе ўваходзяць праз тую ж браму! Гэта хрост робіць з кожнага верніка місійнага вучня Пана, соль зямлі, святло для свету, закваску, якая перамяняе рэальнасць знутры”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што зараз для дыкастэрыі настаў час з надзеяй паглядзець у будучыню. Дапамагчы гэтаму павінна рэформа і ў прыватнасці злучэнне з Папскай радай па справах сям’і.

Напрыканцы сваёй прамовы Францішак заўважыў, што Касцёл пакліканы быць “бацькоўскім домам, у якім ёсць месца для кожнага з яго складаным жыццём”; “евангелізуючай супольнасцю, якая без страху бярэ ініцыятыву, ідзе насустрач, каб шукаць і знаходзіць далёкіх і дасягаць скрыжаванняў дарог, каб запрашаць адчужаных”. 

Ён заклікаў быць уважлівымі да сем’яў, якія перажываюць цяжкасці і патрабуюць міласэрнасці, яшчэ не разведаных апостальскіх сфер, шматлікіх свецкіх вернікаў, якія маюць добрыя і шчодрыя сэрцы і з ахвотай паставяць на  службу Евангеллю свае сілы, час, здольнасці, калі будуць прыняты, ацэнены і з любоўю падтрыманы пастырамі і касцёльнымі структурамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.