2016-06-16 11:36:00

Папа: аблічча Касцёла павінна адлюстроўваць святло Хрыста


16 чэрвеня 2016 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнай сесіі Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам (ROACO). У сёлетнім форуме ўзялі ўдзел папскія прадстаўнікі ў Іерусаліме, Ліване, Сірыі, Іраку, Іарданіі і Украіне. “Я удзячны ўсім за намаганні, якія прыкладаеце каб спаўняць давераную вам місію і за ўвагу да патрэбаў нашых усходніх братоў”, - сказаў Папа.

Пантыфік прывітаў новага кусташа Святой Зямлі, айца Франчэска Патана. Ён выказаў падзяку францішканам, за тое, што на працягу стагоддзяў забяспечваюць захаванасць святых месцаў і санктуарыяў у гэтым рэгіёне. “Жадаю, каб пры шчодрай дапамозе многіх былі завершаны рэстаўрацыйныя працы ў базыліцы Нараджэння Пана і кувукліі базылікі Гробу Пана”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што падчас рэстаўрацыі ў бэтлеемскай святыні, была адкрыта невядомая раней мазаічная выявай анёла, які разам з іншымі шасцю, утварае пэўнага роду працэсію да месца, якое нагадвае пра таямніцу нараджэння ўцелаўлёнага Слова. 

“Гэты факт дазваляе падумаць, што таксама і аблічча нашых касцёльных супольнасцяў можа быць схавана за “налётамі”, якія ўтварыліся ў выніку розных праблема і грахоў. Таму ваша дзейнасць павінна заўсёды кіравацца ўпэўненасцю, што за гэтымі матэрыяльнымі і маральнымі налётамі, а таксама за слязамі і крывёю, выкліканымі вайной, насіллем і пераследам, за гэтым слоем, які здаецца непранікальным, знаходзіцца ззяючае аблічча, як гэтага анёла з мазаікі”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў удзельнікаў асамблеі супрацоўнічаць, каб аблічча Касцёла ўсё больш адлюстроўвала святло Хрыста, уцелаўлённага Слова. “Ён – наш спакой і стуцыцца ў дзверы нашага сэрца на Блізкім Усходзе, а таксама ў Індыі і ва Украіне”, - сказаў Папа. 

Спасылаючыся да тэмы сёлетняга пасяджэння Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам, Францішак пажадаў, каб жыццё Сіра-Малабарскай і Сіра-Маланкарскай Цэркваў на тэрыторыі Індыі, характарызавалася павагай да чалавечых правоў, адсутнасцю духа падзелаў, спрыяннем еднасці і сведчанню аб адзіным Збаўцы, Езусе Хрысце. Такая еднасць, у кожнай частцы свету, дзе католікі лацінскага і ўсходняга абрадаў жывуць побач, мае патрэбу ў духоўных багаццях Захаду і Усходу, з якіх могуць чэрпаць маладыя пакаленні святароў, законнікаў і законніц, душпастырскіх работнікаў, лічыць Папа.

Напрыканцы аўдыенцыі Францішак заклікаў удзельнікаў ватыканскай сустрэчы маліцца ў інтэнцыі яго, маючага адбыцца 24-26 чэрвеня 2016 г., падарожжа ў Арменію.








All the contents on this site are copyrighted ©.