2016-06-15 16:11:00

Кардынал Дзяржсакратар з візітам ва Украіне


Пачаўся афіцыйны візіт ва Украіну кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна. За пяць дзён: з 15-20 чэрвеня 2016 г., бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца наведае тры гарады: Кіеў, Запарожжа і Львоў. Праграма яго візіту даволі насычаная і ўключае ў сябе дыпламатычную, душпастырскую і гуманітарную часткі.

Кардынал Паралін прыляціць у сталічны аэрапорт “Барыспаль” вечарам 15 чэрвеня, а на наступны дзень накіруецца ў Запарожжа. Тут ён сустрэнецца з вымушанымі перасяленцамі, членамі камітэта “Папа для Украіны”, кіраўніком абластной адміністрацыі, мясцовай каталіцкай супольнасцю і міжрэлігійнай радай, а таксама журналістамі. Напрыканцы дня пурпурат наведае адзін з праектаў каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Caritas”.

17 чэрвеня кардынал Паралін будзе знаходзіцца ў Кіеве. Раніцай ён узначаліць Эўхарыстыю ў касцёле св. Аляксандра. Затым запланаваны яго сустрэчы з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, Міністрам замежных спраў Паўлам Клімкіным, старшынёй Вярхоўнай Рады Андрэем Парубіем. Бліжэйшы супрацоўнік Папы наведае грэка-каталіцкі сабор Уваскрасення Хрыста і сустрэнецца з перасяленцамі з усходу краіны.

18-19 чэрвеня пурпурат будзе знаходзіцца ў Львове. Тут ён сустрэнецца з прадстаўнікамі мясцовай улады, узначаліць св. Імшу, прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцця і благаслаўлення музея пры архідыяцэзіяльнай курыі. Кардынал Паралін правядзе асабістую сустрэчу з епіскапамі Мукачаўскай епархіі, здзейсніць асвячэнне тэрыторыі пад будаўніцтва новага касцёла, наведае Украінскі каталіцкі ўніверсітэт, грэка-каталіцкую семінарыю, а таксама душпастырскі цэнтр Рыма-каталіцкага Касцёла, на тэрыторыі якога знаходзяцца: семінарыя, тэалагічны інстытут, рэкалекцыйны цэнтр і будуецца дом састарэлых.

Апошні дзень свайго “украінскага” падарожжа кіраўнік ватыканскай дыпламатыі правядзе ў Кіеве. Ён ускладзе кветкі на Майдане Незалежнасці і да помніку Невядомаму салдату, наведае музей Галадамору, сустрэнецца з беднымі, паабедае з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса. На заканчэнне візіту кардынал Паралін абмяркуе некаторыя пытанні з Усеўкраінскай Радай Цэркваў і правядзе прэс-канферэнцыю, пасля чаго вернецца ў Рым.








All the contents on this site are copyrighted ©.