2016-06-15 16:47:00

Гуманітарная місія Святога Пасаду ў Лацінскую Амерыку


Апостальская Сталіца дапамагае ахвярам землятрусу, які ў красавіку 2016 г. здарыўся ў Эквадоры і прывёў да шматлікіх чалавечых ахвяр і разбурэнняў. 16-21 чэрвеня ў гэтай краіне будзе знаходзіцца кс. прэлат Сегуда Тэхада Мунас, сакратар Папскай рады “Cor Unum” – ватыканскай дыкастэрыі, якая каардынуе гуманітарную дзейнасць Святога Пасаду. 

Першая дапамога ахвярам прыроднага катаклізму была аказана Апостальскай Сталіцай адразу пасля яго здарэння. Цяперашняя місія мае на мэце прадэманстраваць канкрэтную блізкасць Святога Айца пацярпеўшаму насельніцтву і на месцы ацаніць, разам з Апостальскім нунцыем і прадстаўнікамі мясцовага Касцёла, аб’ём неабходнай дапамогі ў адбудове дамоў, школ, іншых будынкаў і інфраструктуры.

21-24 чэрвеня прадстаўнік Апостальскай Сталіцы будзе знаходзіцца ў Калумбіі, дзе прыме ўдзел у штогадовай сесіі кіраўнічай рады фонду “Populorum Progressio”, які дапамагае ў вырашэнні сацыяльных праблем у краінах Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейну і дзейнічае пад кіраўніцтвам Папскай рады “Cor Unum”. Удзельнікі пасяджэння будуць абмякроўваць фінансаванне праектаў на карысць карэннага і сельскага насельніцтва Лацінскай Амерыкі на 2016 г.. На дадзены момант прадстаўлена каля 90 праектаў на агульную суму ў 1,5 млн. долараў. 

Да гэтага часу фондам “Populorum Progressio”, які быў заснаваны ў 1992 г., было рэалізавана каля 4 тыс. праектаў на амаль 40 млн. долараў. Галоўным чынам яны тычацца развіцця сельскагаспадарчага сектару і жывёлагадоўлі, падтрымкі рамесніцтва і мікрапрадпрыемстваў, забеспячэння пітной вадой, школьнай адукацыі, сферы аховы здароўя, будаўніцтва жылля. Адным з найбуйнейшых донараў фонда “Populorum Progressio” з’яўляецца Канферэнцыя Біскупаў Італіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.