2016-06-14 13:20:00

Прадстаўлены дакумент пра харызматы ў місіі Касцёла


Узаемасувязі паміж іерархічнымі і харызматычнымі дарамі для жыцця і місіі Касцёла прысвечаны апублікаваны 14 чэрвеня 2016 г. ліст Кангрэгацыі Веравучэння да біскупаў Каталіцкага Касцёла “Iuvenescit Ecclesia”. Галоўным чынам у ім закранаюцца тэалагічныя пытанні, а не душпастырскія ці практычныя, якія ўзнікаюць у адносінах паміж касцёльнымі структурамі і новымі рухамі і аб’яднаннямі. Падкрэсліваецца гарманічная сувязь і ўзаемадапаўняльнасць абодвух суб’ектаў. 

У дакуменце адзначаецца, што нельга супрацьпастаўляць “інстытуцыйны” Касцёл і Касцёл “любові”, бо і асноўныя касцёльныя структуры таксама з’яўляюцца харызматычнымі. “Харызматы павінны інстытуцыяналізавацца, каб мець паслядоўнасць і працягласць”. Такім чынам абодва вымярэнні “разам спрыяюць прысутнасці таямніцы і збаўчай справы Хрыста ў свеце”.

Новыя рухі і аб’яднанні павінны быць належна ацэнены і ўключаны ў жыццё Касцёла, заўсёды ў адзінстве з пастырамі і з увагай да іх указанняў. Іх існаванне, напаўняе сэрца Касцёла “радасцю і падзякай”, але кліча таксама і іх “да добрых адносін з усімі іншымі дарамі прысутнымі ў касцёльным жыцці”. Існаванне новых рухаў і аб’яднанняў павінна з шчодрасцю падтрымлівацца і суправаджацца пастырамі, на карысць дабра Касцёла і яго евангелізацыйнай місіі. 

Ліст Кангрэгацыі Веравучэння прапануе пэўныя крытэрыі для выяўлення праўдзівасці харызматаў: яны павінны быць інструментамі святасці ў Касцёле; спрыяць яго місійнай дзейнасці; цалкам вызнаваць каталіцкую веру; даваць сведчанне фактычнай еднасці з усім Касцёлам, прымаючы яго дактрынальнае і душпастырскае навучанне; прызнаваць і паважаць іншыя харызматычныя кампаненты ў Касцёле; з пакорай прымаць моманты выпрабаванняў у праніклівасці; мець духоўныя плёны любові, радасці, міру, чалавечнасці; браць пад увагу сацыяльнае вымярэнне евангелізацыі.

“Iuvenescit Ecclesia” нагадвае, што Кодэкс кананічнага права Касцёла прадугледжвае мноства прававых форм прызнання новых рухаў і аб’яднанняў, звязаных з харызматычнымі дарамі. Між іншым звяртаецца ўвага на два фундаментальныя крытэрыі. Першы – гэта павага да асаблівасцяў асобных касцёльных аб’яднанняў, з мэтай пазбягання іх “прававога прымусу”, што “ўмярцвяе навізну”, якую яны нясуць у сабе. Другі крытэрый прадугледжвае “павагу да фунтаментальнага касцёльнага парадку”, з адначасовай падтрымкай “фактычнага ўключэння харызматычных дароў у жыццё Касцёла”, не дапускаючы, каб харызматычныя формы разумеліся ў якасці “паралельнай рэальнасці”, а не ў якасці тых, якія застаюцца ва ўпарадкаваных адносінах да іерархічных дароў. 








All the contents on this site are copyrighted ©.