2016-06-12 12:33:00

Францішак заклікаў бароцца з дзіцячай працай


Перад малітвай “Анёл Панскі”, якую папа Францішак правёў 12 чэрвеня 2016 г. на плошчы св. Пятра пасля Эўхарыстыі на заканчэнне “Юбілею няпоўнаспраўных і хворых”, ён узгадаў пра беатыфікацыі, выказаў надзею на эфектыўную барацьбу з праказай і заклікаў да барацьбы з дзіцячай працай.  

Кс. Джакама Абонда, чыя беатыфікацыя адбылася 11 чэрвеня 2016 г., жыў у XVIII ст. і адзначаўся любоўю да Бога, адукаванасцю і блізкасцю да сваіх вернікаў, нагадаў Папа, віншуючы італьянскую дыяцэзію Верчэлі, адкуль паходзіў святар і ў катэдральным касцёле якой адбылася суботняя беатыфікацыя. 

Таксама свае віншаванні Святы Айцец накіраваў у сіцылійскі Манрэале, паўднёвы прыгарад Палерма, дзе 12 чэрвеня 2016 г. прайшла беатыфікацыя сястры Караліны Сантаканале, заснавальніцы Кангрэгацыі сясцёр Беззаганнай з Лурд. Францішак нагадаў, што новая благаслаўлёная нарадзілася ў дваранскай сям’і ў Палерма, але адмовілася ад выгод і стала беднай сярод бедных. У Хрысце і ў Эўхарыстыі яна шукала сілы для свайго духоўнага мацярынства і сваёй пяшчоты да самых слабых, дадаў ён.

Таксама перад “Анёл Панскі” Пантыфік нагадаў, што ў кантэксце “Юбілею няпоўнаспраўных і хворых” у мінулыя дні ў Рыме праходзіла міжнародная канферэнцыя, прысвечаная догляду за людзьмі, якія пакутуюць ад хваробы Хансена або праказы. Ён падзякаваў арганізатарам і ўдзельнікам і выказаў надзею на плённае ўзаемадзеянне ў барацьбе з гэтай хваробай.

У Сусветны дзень барацьбы з дзіцячай працай, які адзначаецца штогод 12 чэрвеня, Папа заклікаў да ліквідацыі прычын гэтай з’явы, якая пазбаўляе мільёны дзяцей асноўных правоў і падвяргае сур’ёзнай небяспецы.

Францішак падзякаваў за прысутнасць усім пілігрымам, а асаблівым чынам тым, якія прыбылі ў Рым і Ватыкан, нягледзячы на хваробу або інваліднасць. Сваю сардэчную падзяку ён скіраваў да ўрачоў і медыцынскіх работнікаў, якія працуюць у гэтыя дні ў мабільных “Пунктах здароўя”, усталяваных ля чатырох папскіх базылік. Яны прынялі ў дні “Юбілею няпоўнаспраўных і хворых” сотні людзей, якія жывуць на ўскраіне Рыма.

Папа даверыў усіх Дзеве Марыі і папрасіў Яе суправаджаць кожнага на яго шляху.








All the contents on this site are copyrighted ©.