2016-06-11 12:22:00

Ватыканскі кардынал пра генацыд хрысціян на Блізкім Усходзе


Мы сведкі таго, як ў Святой Зямлі і на Блізкім Усходзе працягваецца генацыд супраць хрысціян, і асабліва моцна ён праяўляецца ў Сірыі і Іраку. На гэта звярнуў увагу старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран падчас сімпозіума “Культуры і рэлігіі”, які праходзіць у Рыме. Ён падкрэсліў, што паслядоўнікаў Хрыста забіваюць, запалохваюць, пераследуюць, прымушаюць маўчаць і выганяюць з дамоў. Руйнуюцца іх храмы.

“На зямлі, дзе нарадзіўся Езус, хрысціянства знаходзіцца пад пагрозай знікнення”, - сказаў ватыканскі іерарх. Ён нагадаў, што ў 1910 г. 20% блізкаўсходняга грамадства складалі хрысціяне, а сёння іх там менш за 4%. Кардынал падтрымаў заклік Папскай асацыяцыі “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” да італьянскага ўраду, афіцыйна прызнаць генацыд хрысціян на Блізкім Усходзе. Ён заўважыў, што мы з’яўляемся сведкамі наўмысных дзеянняў па выкараненні хрысціянства ў рэгіёне, і гэта, несумненна, з’яўляецца генацыдам.

У сваю чаргу, арцыбіскуп Бруна Фортэ, таксама прысутны на рымскім форуме, падкрэсліў, што свет больш не можа маўчаць перад абліччам варварства, якое адбываецца на Блізкім Усходзе. Ён адзначыў, што сёння неабходныя салідарныя дзеянні міжнароднай супольнасці, якая павінна не толькі аднадушна асудзіць забойствы, але і зрабіць канкрэтныя крокі, каб спыніць іх. Італьянскі іерарх адзначыў, што прычына драмы на Блізкім Усходзе, гэта змова маўчання уладных людзей, якія вышэй за мір ставяць свае палітычныя і эканамічныя інтарэсы.








All the contents on this site are copyrighted ©.