2016-06-09 12:28:00

У Ватыкане ўручылі Суперкубак па футболе


У Ватыкане ўручылі ўзнагароды пераможцам унутранага футбольнага чэмпіянату і Суперкубку. Абодва турніры сёлета выйграла каманда Ватыканскіх музеяў. Лепшым брамнікам стаў Франчэска Мартэла з тых жа Музеяў, самым карысным гульцом – Марцыа Кірэлеці з Ватыканскай жандармерыі, а лепшым бамбардзірам – Флаўяна Спераці з каманды “Fortitudo 2007”. 

Футбол у Ватыкане ўзбагачае і ўмацоўвае чалавечыя і працоўныя адносіны, падкрэсліў 6 чэрвеня 2016 г. на цырымоніі ўзнагароджання субстытут Святога Пасаду, арцыбіскуп Анджэла Бэчу.

У гэтым сезоне ватыканскага футбольнага чэмпіянату бралі ўдзел 8 каманд: “Dirtel Team”, куды ўваходзяць супрацоўнікі тэлекамунікацыйных служб; “Santos F.C.” – супрацоўнікі эканамічных служб, супермаркету і аўтазапраўкі; “Musei Vaticani” – Ватыканскіх музеяў, “Guardia Svizzera F.C.” – Швейцарскай гвардыі; “Fortitudo 2007” – служачыя Фларэрыі, Адміністрацыі маёмасці і тэхнічных службаў Апостальскай Сталіцы; “Associazione Santi Pietro e Paolo” – былая Палацінская гвардыя; дзве каманды мае Ватыканская жандармерыя – “Gendarmeria Vaticana” і “Virtus 51”. 

У Ватыкана ёсць і свая зборная па футболе, у графіку якой у 2016 г. шэсць матчаў. Адзін з іх пройдзе 13 жніўня ў нямецкім Мёнхенгладбах, дзе ватыканская каманда згуляе з мясцовай “Барусіяй”.








All the contents on this site are copyrighted ©.