2016-06-08 12:41:00

У Ватыкане прадставяць дакумент пра “харызматы і служэнне”


14 чэрвеня ў Ватыкане будзе прадстаўлены ліст Кангрэгацыі Веравучэння да біскупаў Каталіцкага Касцёла “Iuvenescit Ecclesia”. Дакумент прысвечаны ўзаемасувязі паміж іерархічнымі і харызматычнымі дарамі для жыцця і місіі Касцёла, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы. Гаворка ідзе пра ўзаемаадносіны паміж біскупамі і святарамі і манаскамі кангрэгацыямі і касцёльнымі рухамі.

Падчас ватыканскай прэзентацыі, якая пройдзе ў Зале Друку, запланавана выступленне, між іншымі, прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, кардынала Герхарда Людвіга Мюлера, і прэфекта Кангрэгацыі па справах Біскупаў, кардынала Марка Уэле.

Пытанне ўзаемасувязі паміж іерархічнымі і харызматычнымі дарамі закранаў папа Францішак падчас сваёй студзеньскай прамовы да ўдзельнікаў Пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі Веравучэння. Адны і другія патрэбныя для Касцёла і свету, падкрэсліў тады Пантыфік. Прыкладам такой камплементарнасці з’яўляецца эклезіяльная разнастайнасць, якая існуе як адлюстраванне гарманічнага адзінства Бога, адзінага ў трох Асобах, што і дазваляе каталіцкай супольнасці заставацца Божым народам.








All the contents on this site are copyrighted ©.