2016-06-08 15:03:00

Папскія кансультанты прапанавалі наступныя крокі па рэформе


Пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, якое прайшло ў Ватыкане 6-8 чэрвеня 2016 г., было прысвечана далейшаму разгляду ролі і місіі структур Рымскай курыі, у кантэксце планаванай новай Апостальскай канстытуцыі. Гаворка ішла пра Дзяржсактарыят, Кангрэгацыі (па справах Біскупаў, Каталіцкай Адукацыі, па справах Усходніх Касцёлаў), і Папскія рады (па культуры, спрыяння хрысціянскаму адзінству, па міжрэлігійным дыялогу).

Вынікі папярэдніх абмеркаванняў адносна Кангрэгацый: Веравучэння, Божага культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, па справах Кананізацыі, па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, а таксама новай Дыкастэрыі па справах дабрачыннасці, справядлівасці і міру, былі перададзены Святому Айцу для далейшага разважання і кансультацый.

Крытэрыямі пры абмеркаванні былі: спрашчэнне, гарманізацыя заданняў розных структур, магчымыя формы дэцэнтралізацыі ў бок біскупскіх канферэнцый, гаворыцца ў апублікаваным 8 чэрвеня 2016 г. спецыяльным паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

У ходзе пасяджэння кааардынатар Рады па эканамічных пытаннях, кардынал Рэйнхард Маркс, і прэфект Сакратарыяту па эканамічных пытаннях, кардынал Джордж Пэл распавялі аб актуальнай дзейнасці структур. Прэфект Сакратарыяту па камунікацыі, кс. Дарыё Вігано паінфармаваў аб ходзе рэформы медыя, у прыватнасці, аб інтэграцыі Ватыканскага радыё і Ватыканскага тэлевізійнага цэнтру. Рада кардыналаў выказала яму ўдзячнасць і заахвоціла працягваць намаганні ў гэтым напрамку.

Кардынал Шон Патрык О’Мэлі пазнаёміў папскіх дарадчыкаў з працай Камісіі па абароне непаўналетніх і ініцыяваў абмен думкамі адносна новага папскага дакументу “Come una madre amorevole”, пра адказнасць біскупаў за абарону непаўналетніх у Касцёле.

Наступныя пасяджэнні Рады кардыналаў пройдуць 12-14 верасня і 12-14 снежня 2016 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.