2016-06-08 13:13:00

Ватыкан і Катар супрацоўнічаюць у сферы культуры


Арабскія і ісламскія дакументы з фондаў Ватыканскай бібліятэкі будуць алічбаваныя ў супрацоўніцтве з Нацыянальнай бібліятэкай Катара, пасля чаго стануць даступнымі для ўсіх зацікаўленых. Адпаведнае пагадненне было падпісана 4 чэрвеня 2016 г. у Ватыкане шэйхай Мозай бінт Насэр аль-Міснэд з Катара, старшынёй “Катарскага фонду на карысць адукацыі, навукі і грамадскага развіцця” і прэфектам Апостальскай бібліятэкі кс. Чэзаре Прасіні. Алічбаваныя дакументы будуць уключаны ў анлайн-архіў Катарскай электроннай бібліятэкі.

Ватыканская бібліятэка з 2010 г. актыўна займаецца алічбоўваннем сваіх калекцый. Спецыяльна для гэтага быў створаны фонд “Digita Vaticana”, які шукае спонсараў і партнёраў для старэння электронных копій бібліятэчных скарбаў. Адным з першых стала японская “NTT Data”, якая прадстаўляе паслугі ў сферы высокіх тэхналогій. Алічбаваныя гэтай кампаніяй старажытныя манускрыпты ўжо сёння “выкладзены” ў інтэрнэт.

Таксама плённым стала супрацоўніцтва з 2012 г. з вялікабрытанскай арганізацыяй “Polonsky Foundation”, якая занялася алічбоўваннем каля міліёна старонак старажытных кніг і манускрыптаў з Апостальскай бібліятэкі. Тут і старажытныя экзэмпляры Новага Запавету, і творы Айцоў Касцёла, а таксама “Біблія Гутэнберга”, трактаты па літургіцы, філасофіі, медыцыне і астраноміі. Акрамя таго, гаворка ідзе пра вялікую калекцыю старажытнагрэчаскіх манускрыптаў з творамі Гамера, Сафокла, Платона, Гіпакрата.

Усяго ў Ватыканскай апостальскай бібліятэцы захоўваецца каля 80 тыс. манускрыптаў і каля 9 тыс. інкунабулаў. Гэта адна з самых вялікіх калекцый у свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.