2016-06-07 12:16:00

У Ватыкане будуць размаўляць пра клопат аб пракажоных


Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная клопату пра людзей, пакутуючых ад хваробы Хансэна або праказы адбудзецца ў Рыме па ініцыятыве Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. Форум пройдзе 9-10 чэрвеня 2016 г. у Патрыстычным інстытуце “Augustinianum”. Яго прэзентацыя прайшла 7 чэрвеня 2016 г. у Ватыкане.

У канферэнцыі прымуць удзел прадстаўнікі Святога Пасаду і вядомыя на міжнародным узроўні спецыялісты, якія будуць размаўляць пра эфектыўную дапамогу хворым і іх блізкім, спосабы інтэграцыі пракажоных у грамадства, і ўсё гэта праз прызму медыцыны, правоў чалавека і веры. Гаворка пойдзе таксама пра ўклад Каталіцкага Касцёла і іншых рэлігійных супольнасцяў у клопат аб хворых. Прагучаць сведчанні прадстаўнікоў асацыяцый, няўрадавых арганізацый і саміх асоб, якія пакутуюць ад праказы.

Узгаданая хвароба застаецца актуальнай медыцынскай праблемай. Хоць сёння яна паддаецца эфектыўнаму лячэнню, асобы, якія яе перанеслі, лічацца “адметнымі” і нярэдка сустракаюцца з сацыяльным адчужэннем, было адзначана падчас ватыканскай прэзентацыі. 

Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кожны год у свеце выяўляецца каля 200 тыс. новых выпадкаў захворвання на праказу. Каля 9% з іх тычацца дзяцей.








All the contents on this site are copyrighted ©.