2016-06-07 09:52:00

Кардынал Дзяржсакратар пра “фактычны” экуменізм


Эфектыўнасць экуменізму залежыць не ад нашых добрых намераў, але ад фактычнага яднання з Хрыстом, такія высновы, паводле кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна можна зрабіць, аналізуючы жыццё св. Элізабэты Хэcэльблад. 

Іерарх узначаліў 6 чэрвеня 2016 г. св. Імшу падзякі за кананізацыю шведскай законніцы з Ордэну Брыгідак, якая адбылася ў мінулую нядзелю. Св. Элізабэта вырасла ў лютэранскай сям’і, але з дзяцінства хацела еднасці Касцёла, і ў 32 гады прыняла каталіцкую веру.

Кардынал Паралін нагадаў, што св. Элізабэта ў поўнай меры ўсведамляла неабходнасць адзінства ўсіх хрысціян у адной аўчарні і з адным пастырам. Яна не прымала ніякіх паўмер або кампрамісаў, была да канца ахвярнай жанчынай. З часам зразумела, што для хрысціянскага адзінства не хопіць толькі маліцца, яно таксама патрабуе ахвяр. Перажывала іх у сваёй душы і целе, наследуючы ў гэтым іншую вялікую шведку св. Брыгіду, рэалізуючы яе асабісты дэвіз: Amor meus crucifixus est (Мая любоў укрыжаваная), нагадаў Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.

Падчас Другой сусветнай вайны св. Элізабэта Хэcэльблад была настаяцельніцай кляштару сясцёр-брыгідак у Рыме на плошчы Фарнэзэ, дзе хавала больш за 60 чалавек. Людзі, якім яна ўратавала жыцці, былі ў асноўным яўрэямі, якіх пераследвала фашысцкая ўлада. Шведская законніца была ўдастоена звання “Праведнік сярод народаў”.

Сёння сёстры-брыгідкі працягваюць развіваць харызмат, закладзены св. Брыгідай Шведскай, заснавальніцай Ордэну, і Элізабэтай Хэcэльблад, якая ўзнавіла яго дзейнасць. Яны аказваюць гасціннасць пілігрымам, якія прыбываюць у Рым, а таксама асаблівым чынам моляцца аб хрысціянскім адзінстве і развіваюць экуменічны дыялог паміж хрысціянамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.