2016-06-07 11:44:00

Візіт Пантыфіка ў Арменію – галоўныя аспекты


Менш чым праз тры тыдні, з 24 па 26 чэрвеня 2016 г., Францішак наведае Арменію. Важнымі аспектамі гэтага падарожжа з Ватыканскім радыё падзяліўся рэктар Папскага армянскага калегіўма ў Рыме, айцец Нарэг Наамо.

“Гэта гістарычны візіт для нас армян, які мае шмат аспектаў: рэлігійны, экуменічны і палітычны. Святы Айцец адправіцца з візітам міру не толькі ў Арменію, але праз некалькі месяцаў (30 верасня - 2 кастрычніка) таксама ў Грузію і Азербайджан. Гэта дзве суседнія для Арменіі краіны, з якімі няма добрых адносін – асабліва з Азербайджанам. Таму мы чакаем, шматлікіх плёнаў ад гэтага візіту”, - сказаў святар і дадаў, што Францішак мае “харызму збліжэння”. 

Айцец Наамо лічыць, што для армян, якія так шмат пацярпелі ў мінулым за сваю веру, за прыналежнасць да Каталіцкага Касцёла, візіт Святога Айца стане подыхам надзеі і любові. “Гэта айцец, які наведае сваіх дзяцей”, - адзначыў армянскі святар.

Падарожжа стане таксама пацвярджэннем добрых адносін з Армянскай Апостальскай Царквой, якая, нягледзячы на дагматычныя адрозненні, блізкая для Каталіцкага Касцёла. Яна дала шмат мучанікаў і багасловаў, перш за ўсё, св. Рыгора з Нарэка, якога Папа абвясціў у 2015 г. Доктарам Паўсюднага Касцёла, пракаментаваў хуткі папскі візіт у Арменію айцец Нарэг Наамо.








All the contents on this site are copyrighted ©.