2016-06-06 13:30:00

Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі шэйху Мозу


4 чэрвеня 2016 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Яе Высокасць шэйху Мозу бінт Насер аль-Міснед, старшыню Катарскага фонда адукацыі, навукі і грамадскага развіцця. 30-хвілінная сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы. Шэйха Моза паінфармавала Святога Айца аб сваёй дзейнасці ў сферы адукацыйнага і сацыяльнага развіцця на нацыянальным і міжнародным узроўнях, аб цяжкой сітуацыі школ у рэгіёнах, ахопленых канфліктамі і пачула ад Папы словы падтрымкі. 

На заканчэнне сустрэчы адбыўся абмен падарункамі. Шэйха Моза падарыла Пантыфіку каштоўны і прыгожа аздоблены турэцкі манускрыпт XVIII cт. з Евангеллем на арабскай мове. Папа, у сваю чаргу, падарыў памятны медальён з выявай аліўкавага дрэва і асобнік энцыклікі “Laudato si’”.

Сітуацыю каталіцкай супольнасці ў Катары шэйха Моза абмеркавала з субстытутам Дзяржсакратарыяту, арцыбіскупам Анджэла Бэчу.

У ходзе візіту было падпісана Пагадненне аб паразуменні паміж Катарскім фондам адукацыі, навукі і грамадскага развіцця, Катарскай нацыянальнай бібліятэкай і Ватыканскай Апостальскай бібліятэкай. Яно прадугледжвае супрацоўніцтва ў сферы захавання, рэстаўрацыі, апісання, вывучэння і “алічбоўкі” дакументаў Ватыканскай Апостальскай бібліятэцы, якія тычацца гісторыі, культуры, спадчыны і навукі Катара, рэгіёну Персідскага заліву і іншых ісламскіх тэрыторый.








All the contents on this site are copyrighted ©.