2016-06-06 13:50:00

Папскія кансультанты сабраліся ў Ватыкане


Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам сабралася 6 чэрвеня 2016 г. у Ватыкане на сваё чарговае трохдзённае пасяджэнне. На ім прысутнічаў папа Францішак. Сустрэчы гэтага кансультатыўнага органу маюць рэгулярны характар. Сёлета кардыналы збіраюцца ўжо ў трэці раз. 

Папярэдняя нарада была прысвечана далейшаму разгляду ролі і місіі структур Рымскай курыі, у кантэксце новай Апостальскай канстытуцыі. Кардыналы завяршылі абмеркаванне праекту стварэння дзвюх новых ватыканскіх дыкастэрый. 4 чэрвеня 2016 г. Пантыфік зацвердзіў “ad experimentum” cтатут адной з іх: Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, у склад якой увойдуць, пачынаючы з 1 верасня 2016 г., цяперашнія Папская рада па справах свецкіх і Папская рада па справах сям’і.

Акрамя таго, падчас папярэдняга пасяджэння гаворка ішла пра крытэрыі збору інфармацыі для прызначэння новых біскупаў, у святле іх тоеснасці і пастырскай місіі; пра значэнне і ролю нунцыяў; пра эканамічныя пытанні і дзейнасць па абароне непаўналетніх. Чакаецца, што падчас трываючай нарады гаворка пойдзе пра рэформу ватыканскіх СМІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.