2016-06-05 12:27:00

Францішак: новыя святыя – сведкі перамогі Божай ласкі


5 чэрвеня 2016 г. падчас урачыстай кананізацыйнай св. Імшы цэлебраванай на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, папа Францішак узнёс да хвалы алтароў заснавальніка Кангрэгацыі айцоў-марыянаў бл.Станіслава Папчынскага , які нарадзіўся 18 мая 1631 г. і памёр 17 верасня 1701 г., і шведскую законніцу Марыю Элізабэту Хэсэльблад, аднавіцельку Ордэна брыгітак, якая нарадзілася 4 чэрвеня 1870 г. і памерла 24 красавіка 1957 г. Яна ж падчас Другой сусветнай вайны ратавала яўрэяў ад нацыстаў, за што ў 2004 г. іерусалімскі мемарыял Халакоста “Яд ва-Шэм” прызнаў ёй тытул “Справядлівага сярод народаў”.

У літургіі ўдзельнічалі шматлікія вернікі, касцёльныя іерархі, прадстаўнікі грамадскага і палітычнага жыцця.  Сярод іх быў таксама Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і міністр культуры Швецыі Аліцэ Баг Кункэ. У кананізацыі прыняла ўдзел таксама экуменічная дэлегацыя з гэтай краіны.

У гаміліі папа Францішак нагадаў, што Слова Божае вядзе нас да цэнтральнай падзеі веры: перамогі Бога над пакутай і смерцю. Гэта і ёсць Евангелле надзеі, якая бярэ пачатак з пасхальнай таямніцы. Папа падкрэсліў, што ў муках Хрыста змяшчаецца адказ Бога  на таямніцу цярпення чалавека.

“Гэта быў таксама вопыт Станіслава ад Езуса і Марыі Элізабэты Хэсэльблад, сёння абвешчаных святымі: яны заставаліся цесна аб'яднанымі з мукай Езуса, і ў іх праявілася сіла Яго ўваскрасення”, - сказаў Фрацнішак.

Каментуючы ўваскрашэнне прарокам Іллёю сына ўдавы з Шарэпты, Папа падкрэсліў, што гэта сам Бог бярэ памёрлага і звяртае яго маці ажыўшым. Падобным чынам Езус уваскрашае сына ўдавы з Наім, быццам бы просячы яе даць малога Яму, а затым “аддае яго маці ягонай”. “Езус просіць аддаць Яму нашую смерць, каб нас вызваліць ад яе і даць нам новае жыццё”, - сказаў Францішак. Таксама нейкі род уваскрасення мы бачым у выпадку Паўла, які з  пераследавацеля перамяніўся ў сведку і адвяшчальніка Евангелля. “Павел кажа, што упадабалася Богу Айцу паказаць Сына ня толькі яму, але ў ім, гэта значыць, як бы ўдыхнуць у яго асобу, у цела і ў душу, смерць і ўваскрасенне Хрыста. Такім чынам, апостал не стаецца толькі прапаведнікам, але, перш за ўсё, сведкам” , - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што нешта падобнае адбываецца і з намі, таму што Езус робіць, каб яснела перамога ласкі, якая дае жыццё. Ён бярэ на сябе нашыя грахі і вяртае нас жывых самому Касцёлу. І адбываецца гэта падчас Святога Года міласэрнасці.

“Касцёл паказвае нам сёння двух сваіх дзяцей, якія з'яўляюцца прыкладнымі сведкамі таямніцы ўваскрасення. Абодва, па словах Псалміста, могуць спяваць вечна: “Ты нараканне маё замяніў на танец. Пане, Божа мой, буду хваліць Цябе вечна” (Пс 30,12). І ўсе мы ўключаемся, кажучы разам: “Узвялічу Цябе, Пане, бо Ты мяне збавіў”, - завершыў сваю гамілію Папа.

Ян Мойсік

 








All the contents on this site are copyrighted ©.