2016-06-04 11:17:00

Францішак запрасіў да рашучай барацьбы з сучасным рабствам


Глабалізаваны свет павінен змагацца з абыякавасцю. Толькі ў гэтым выпадку ён будзе здольным выкараніць такія агідныя з’явы, як новыя формы рабства, гандаль людзьмі, арганізаваная злачыннасць, незаконны абарот наркотыкаў і органаў, прастытуцыя, дзіцячая праца і выкарыстанне дзяцей у якасці салдат ва ўзброеных канфліктах. Папа Францішак казаў пра гэта 3 чэрвеня 2016 г. на саміце супраць сучаснага рабства, які працягваецца ў Ватыкане. Ён падкрэсліў, што ўсе ўзгаданыя злачынствы накіраваны супраць чалавечнасці.

Пантыфік падкрэсліў, што неабходна актывізаваць супрацоўніцтва рэлігійных лідэраў, палітыкаў, грамадскіх і гуманітарных арганізацый для барацьбы супраць усіх форм рабства і гандлю людзьмі. Ён адзначыў, што менавіта з гэтага трэба пачынаць будаваць лепшы свет. Папа лічыць, што Касцёл павінен удзельнічаць у палітыцы, асабліва вышэйшага парадку, бо яна, як адзначыў Павел VI, з’яўляецца вышэйшай формай любові.

У штаб-кватэры Папскай акадэміі навук сабраліся 150 прадстаўнікоў судовых органаў і палітыкаў з усяго свету, якія ўдзельнічаюць у сваіх краінах у барацьбе з гандлем людзьмі. На працягу трох дзён яны будуць дзяліцца сваім уласным вопытам і шукаць рашэнні ў глабальным маштабе.








All the contents on this site are copyrighted ©.