2016-06-03 13:35:00

Святы Пасад у абарону правоў нацыянальных меншасцяў


“Кампетэнтнай і дабрасумленнай працай, накіраванай на пазбяганне напружанасці, здольнай перарасці ў канфлікт”, назваў кс. прэлат Януш Урбанчык, пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, новы даклад Вярхоўнага камісара АБСЕ па справах нацыянальных меншасцяў Астрыд Турс.

Кс. Урбанчык засяродзіўся на трох прынцыповых пазіцыях, акрэсленых ў дакладзе, які быў прадстаўлены 2 чэрвеня 2016 г. падчас чарговага пасяджэння Пастаяннай рады АБСЕ ў Вене. Па-першае, ён падкрэсліў, што Святы Пасад падтрымлівае агучаны курс на супрацоўніцтва паміж краінамі і структурамі АБСЕ, якое б спрыяла ўдзелу нацыянальных меншасцяў у сацыяльным, эканамічным і палітычным жыцці.

Па-другое, выклікае занепакоенасць нянавісць, якая гучыць у пазіцыях асобных краін па пытаннях, што закранаюць нацыянальныя меншасці. Дэлегацыя Святога Пасаду падзяляе пункт гледжання Астрыд Турс, якая сцвярджае, што “пакінутае без увагі, распальванне нянавісці можа прывесці да актаў насілля і паспрыяць узрастанню канфліктаў у павялічаных маштабах”. Дыскрымінацыя, у тым ліку па моўнай прыкмеце, пачынаецца са здзеку, сацыяльнага адчужэння і фанатызму. Таму акцэнт робіцца на неабходнасці выкаранення стэрэатыпаў, якія існуюць на палітычным узроўні адносна гэтых катэгорый грамадзян.

Па-трэцяе, прадстаўнік Апостальскай Сталіцы выказаў сваю згоду з пазіцыяй АБСЕ, якая надае адукацыі выключную ролю ў недапушчэнні канфліктаў. На думку Вярхоўнага камісара АБСЕ, адукацыйныя праграмы павінны спрыяць паважліваму стаўленню да розных культур, нацыянальнасцяў, рэлігій, абараняць універсальныя каштоўнасці, развіваць ідэю салідарнасці ў стасунках паміж людзьмі.








All the contents on this site are copyrighted ©.