2016-06-03 14:28:00

Пантыфік: міласэрнасць – адзіны спосаб быцця святаром


Міласэрнасць – гэта не проста адзін са спосабаў быцця святаром, гэта адзіны спосаб, лічыць Францішак. Сваімі думкамі аб святарстве ён падзяліўся з духавенствам з усяго свету 2 чэрвеня 2016 г. у  рымскай базылікі св. Паўла за Мурамі. Гэта была яго трэцяя медытацыя падчас сустрэчы для святароў у рамках Святога Года Міласэрнасці. Папа папрасіў сваіх слухачоў, каб у канфесіянале не былі “цікаўнымі” і не глядзелі на пэнітэнтаў як суддзі-функцыянеры. Ён таксама падкрэсліў, што людзі даруюць святарам шмат недахопаў, за выключэннем прывязанасці да грошай.

Сваю трэцюю медытацыю, як і дзве папярэднія – у базыліцы св. Яна на Латэране і базыліцы Санта Марыя Маджорэ – Пантыфік дапаўняў жывымі адступленнямі ад раней падрыхтаванага тэксту. Ён заклікаў святароў, каб “вачамі міласэрнасці” глядзелі на “ўсіх укрыжаваных” у гэтым свеце, каб адчулі “моцны пах беднасці” ў палявых шпіталях, цягніках і лодках, перапоўненых людзьмі.

Францішак адзначыў, што хоць у Касцёле ёсць шмат рэчаў не вельмі добрых і шмат грахоў, у служэнні бедным праз справы міласэрнасці Касцёл заўсёды ішоў за натхненнем Святога Духа. Ён падкрэсліў, што людзі заўсёды цэняць святара, які клапоціцца пра бедных, хворых, дае адпушчэнне грахоў, які цярпліва вучыць і папраўляе. Яны прабачаюць святарам шмат недахопаў, за выключэннем прывязанасці да грошай. “І гэта не столькі з-за багацця самога па сабе, колькі з-за таго, што грошы вядуць да страты багацця міласэрнасці”. 

Папа заклікаў святароў маліцца, каб Бог праявіў міласэрнасць да іх ва ўсіх аспектах жыцця, каб былі міласэрнымі да іншых. Ён адзначыў, што ўспрыманню людзей у святле міласэрнасці трэба вучыцца і развіваць гэта ў сабе; такі погляд павінен натхняць усе душпастырскія планы. Некаторыя душпастырскія праекты квітнеюць, а іншыя – не, таму што ім не хапае міласэрнасці.

Шмат месца ў медытацыі Францішак прысвяціў святарскаму служэнню ў канфесіянале. “Мы з’яўляемся інструментам, калі людзі сапраўды сустракаюцца з міласэрным Богам. Наша задача ў тым, каб яны сустрэліся, каб апынуліся тварам да твару”, - нагадаў ён і заўважыў: “Мы павінны мець дакладнае разуменне таго, што мы не з’яўляемся ні айцом, ні пастырам, ні Самаранінам. Мы скарэй знаходзімся побач з гэтымі трыма як грэшнікі”. Служэнне ў канфесіянале заўсёды мае функцыю пасярэдніцтва. 

Францішак указаў на неабходнасць вучыцца ў добрых спаведнікоў, у тых, хто ставіцца далікатна да грэшнікаў, у тых, каму дастаткова паўслова, каб зразумець усё, хто ведае, як зрабіць, каб пэнітэнт глыбока ўспрыняў павучэнне, робячы невялікі крок наперад.

Кажучы аб сацыяльным аспекце міласэрнасці, Пантыфік рэкамендаваў звязваць тое, што перажываецца ў малітве, з паўсядзённым жыццём, каб любоў грунтавалася больш на справах, чым на словах.








All the contents on this site are copyrighted ©.