2016-06-02 13:35:00

Папа папрасіў аднавіць парадак і сумленнасць у футболе


Папа звярнуўся да старшыні Міжнароднай федэрацыі футбола з просьбай аднавіць парадак і сумленнасць. Сустрэча Францішка з Джавані Вінчэнца Інфанціна адбылася ў Ватыкане ў мінулую нядзелю, але аб ёй стала вядома толькі зараз. Святы Айцец адзначыў, што футбол з’яўляецца зброяй у станоўчым сэнсе гэтага слова. Перш за ўсё, ён выконвае выхаваўчую ролю і спрыяе сацыяльнай інтэграцыі дзяцей. 

Як паведаміў брытанскі інтэрнэт-партал “Catholic Herald”, Інфанціна запэўніў Пантыфіка, што жаданне справядлівых і ясных працэдур з’яўляецца таксама і яго асабістым намерам, як і выхаванне і развіццё моладзі з’яўляюцца важнымі мэтамі футбола. 

У якасці падарунка Францішак атрымаў ад кіраўніка ФІФА футбольную майку і медаль, які ўручылі сёлетнім пераможцам Лігі чэмпіёнаў, футбалістам Рэалу Мадрыд.

З сярэдзіны 2015 г. ФІФА сутыкнулася з глыбокім крызісам. Гэта адбылося пасля таго, як швейцарскай паліцыя ў супрацоўніцтве з Дэпартаментам юстыцыі ЗША затрымала ў Цюрыху чыноўнікаў, абвінаціўшы іх у шматгадовай карупцыі. У адстаўку прыйшлося сысці Зэпу Блатэру, які на працягу многіх гадоў узначальваў ФІФА. 

Нагодай для 15-хвіліннай размовы Інфанціна з Папам стала спецыяльная аўдыенцыя для Фонду “Scholas Occurrentes”, які ўяўляе сабой міжнародную сетку адукацыйных устаноў, што займаюцца выхаваннем дзяцей і моладзі з бедных сем’яў у 82 краінах свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.