2016-06-01 15:40:00

“Юбілей святароў” пачаўся ў Рыме


Каля 6 тыс. святароў прыбылі ў Рым на сустрэчу з нагоды Юбілейнага Году Міласэрнасці. З 1 чэрвеня 2016 г. яны прымаюць удзел у духоўнай падрыхтоўцы да пілігрымкі да Святых дзвярэй ватыканскай базылікі праз удзел у набажэнствах і споведзі. 

Да ўдзельнікаў “Юбілею святароў” са сваімі разважаннямі ўжо звярнуліся ватыканскія іерархі: старшыня Папскай рады па культуры, кардынал Джанфранка Равазі, і прэфект Папскага дому і асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI, арцыбіскуп Георг Генсвайн.

2 чэрвеня 2016 г. духоўныя практыкаванні для ўдзельнікаў юбілейнай сустрэчы правядзе папа Францішак. Яны пройдуць у трох рымскіх базыліках: св. Пятра, св. Паўла за Мурамі і св. Яна на Латэране. На працягу дня Пантыфік наведае кожную з іх і звернецца да духавенства з усяго свету з разважаннямі. Тры базылікі злучыць паміж сабой тэлемост. Таму ўдзельнікі святарскай сустрэчы атрымаюць магчымасць пачуць усе разважанні Францішка. Дзякуючы тэлетрансляцыі, арганізаванай вядучымі каталіцкімі тэлевізійнымі каналамі – італьянскім “TV2000”, амерыканскім “EWTN”, іспанскім “TVAlicante” – да падзеі змогуць далучыцца святары з усяго свету. Трансліравацца катэхезы будуць і ў інтэрнэце: на афіцыйным сайце Году Міласэрнасці (www.im.va) іх можна будзе пачуць у сінхронным перакладзе на англійскую, французскую, іспанскую, партугальскую, нямецкую і польскую мовы. 

3 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, Святы Айцец узначаліць Эўхарыстыю на галоўнай ватыканскай плошчы. Яна супадзе са 160-годдзем устанаўлення гэтага літургічнага свята.








All the contents on this site are copyrighted ©.