2016-06-01 15:00:00

Папа ў Швецыі прыме ўдзел у двух экуменічных падзеях


Сумесныя лютэранска-каталіцкія памятныя мерапрыемствы з нагоды 500-годдзя Рэфармацыі пройдуць 31 кастрычніка 2016 г. у двух шведскіх гарадах: Лундзе і Мальмё. Аб гэтым гаворыцца ў апублікаваным 1 чэрвеня 2016 г. сумесным паведамленні Сусветнай лютэранскай федэрацыі і Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. У мерапрыемствах прыме ўдзел папа Францішак. 

У лютэранскай катэдры Лунда Святы Айцец разам са старшынёй Сусветнай лютэранскай федэрацыі епіскапам Мунібам Юнанам і генеральным сакратаром гэтага аб’яднання, пастарам Марцінам Юнгам, узначаліць супольную малітву, складзеную на падставе тэкстаў дакументу “Ад канфлікту да адзінства”. 

Затым на стадыёне ў Мальмё пройдзе экуменічная сустрэча са сведчаннямі аб супольным служэнні католікаў і лютэран у свеце. У яе рамках будзе прадстаўлена супольная праца “Сусветнага служэння Сусветнай лютэранскай федэрацыі” (LWF World Service) і каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Caritas Internationalis” у сферы дапамогі бежанцам, спрыяння міру і абароны экалогіі. Чакаецца, што ў падзеі прымуць удзел каля 10 тыс. чалавек. 

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардынал Курт Кох заўважыў, што аддаючы “прыярыт пытанню Бога і хрыстацэнтрычнаму падыходу, лютэране і католікі змогуць узгадаць Рэфармацыю ў экуменічным духу”, з глыбокай верай ва ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста.

Афіцыйная праграма візіту папы Францішка ў Швецыю будзе апублікавана пазней. Але ўжо зараз вядома, што ў яе будзе ўключана св. Імша для мясцовай каталіцкай супольнасці, якую Пантыфік узначаліць 1 лістапада, падкрэсліў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, кс. Фэдэрыка Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.