2016-06-01 15:31:00

Кардынал заклікаў мафію скласці зброю і навярнуцца


Скласці зброю і навярнуцца заклікаў членаў італьянскай Каморы кардынал Крэшчэнца Сэпэ з нагоды дня малітвы і посту ў інтэнцыі вызвалення Неапаля ад яго паталогій: запалохвання, злачыннасці і беззаконня. 31 мая 2016 г. вуліцамі горада прайшла працэсія, на завяршэнне якой адбылася пакутная малітва.

“Калі ў іх ёсць пачуццё ўласнай годнасці, чалавечнасці і пабожнасці, няхай зменяць сваё жыццё. Складзіце зброю, і такім чынам выратуйце сваё жыццё і вярніце годнасць гораду, які мае патрэбу ў жыцці, а не смерці”, - заклікаў членаў мафіі арцыбіскуп Неапаля. Касцёл, падкрэсліў ён, не можа заплюшчваць вочы перад гэтай з’явай, якая ўсё больш пашыраецца і руйнуе кожную з форм сацыяльнага суіснавання. 

Мы робім усё, каб выбіць глебу з-пад ног Каморы, адзначыў іерарх, выходзім на вуліцы, таму што хочам абараніць маладых людзей праз дзейнасць араторыяў, стварэнне музычных груп і футбольных каманд пры парафіях. Усё гэта для таго, каб не дазволіць мафіі ўцягнуць моладзь у свае шэрагі, падкрэсліў арцыбіскуп Неапаля.








All the contents on this site are copyrighted ©.