2016-05-31 14:02:00

Францішак: служэнне і сустрэча – хрысціянскія рысы


“Калі б мы навучыліся служыць і выходзіць насустрач іншым, наколькі б мог змяніцца свет”, - заўважыў папа Францішак 31 мая 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі Пантыфік падкрэсліў, што служэнне і сустрэча з іншымі людзьмі – гэта крыніца радасці, якая напаўняе жыццё.

Каментуючы евангельскі ўрывак пра наведванне Альжбеты Марыяй (Лк 1,39-56), Папа адзначыў, што ў ім гаворыцца пра жаночую адвагу, здольнасць выходзіць насустрач іншым, працягваць руку, клапаціцца і асабліва, умець радавацца. Бо менавіта радасць напаўняе сэрца і дорыць жыццю новы сэнс і напрамак. Пантыфік падкрэсліў, што смутак і сумныя твары не вяжуцца з хрысціянскай верай. 

Святы Айцец падкрэсліў, што Марыя, нягледзячы на цяжарнасць і небяспеку дарогі, без ваганняў паспяшыла да сваёй сваячкі Альжбеты, каб служыць ёй. Яна была мужнай дзяўчынай, падкрэсліў Папа.

“Мужныя жанчыны ў Касцёле – як Марыя – гэта жанчыны, якія цягнуць на сабе сем’і, клапоцяцца пра выхаванне дзяцей, сустракаюць мноства цяжкасцяў, пакут, апякуюцца хворымі”, - заўважыў Францішак і дадаў, што “служэнне – гэта хрысціянская рыса”, якая павінна здзяйсняцца з радасцю.

Звяртаючы ўвагу на радасную сустрэчу Марыі і Альжбеты, Пантыфік заўважыў, што сустрэча – гэта “хрысціянскі знак”. Чалавек, які называе сябе хрысціянінам, але аказваецца няздольным выйсці да іншых, на сустрэчу іншым, не да канца ім з’яўляецца”, - сказаў ён. Па словах Францішка, праз служэнне бліжнім і сустрэчу з імі спаўняюцца словы Хрыста, Які абяцаў быць прысутным у іх.








All the contents on this site are copyrighted ©.