2016-05-31 13:40:00

Даведнік па дыяканаце з’явіўся ў Ватыкане


31 мая 2016 г. у Ватыкане ўбачыў свет дапаможнік для дыяканаў. “Новы энхірыдыён дыяканату. Крыніцы і афіцыйныя дакументы Касцёла” (Nuovo Enchiridion sul Diaconato. Le fonti e i documenti ufficiali della Chiesa) – так называецца выданне – выйшаў у Ватыканскім выдавецтве пад рэдакцыяй Энца Пэтраліна, сталага дыякана дыяцэзіі Калабрыя-Бова і старшыні Супольнасці дыяканату Італіі.

Дапаможнік уключыў у сябе фундаментальныя тэксты, якія распавядаюць аб каранях дыяканату і дапамагаюць у разуменні патэнцыялу гэтага служэння для развіцця касцёльнага жыцця, гаворыцца ў афіцыйным прэс-рэлізе. Тут і патрыстычныя крыніцы, і дакументы Сабораў і Святога Пасаду, і папскае навучанне. Усё гэта дапамагае, паводле аўтара , зразумець доўгі і паступовы шлях развіцця дыяканскага служэння і з’яўляецца падставай для разважанняў і даследаванняў. Выданне з’явілася ў кантэксце ўзрастаючага інтарэсу да сталага дыяканату і яго ролі ў Касцёле і свеце.

Даведнік “Новы энхірыдыён дыяканату. Крыніцы і афіцыйныя дакументы Касцёла” з’яўляецца фундаментальнай працай і складаецца з 1096 старонак. Яго кошт – 30 еўра.








All the contents on this site are copyrighted ©.