2016-05-28 14:46:00

Францішак сустрэў пасажыраў "Дзіцячага цягніку"


На чыгуначную станцыю ў Ватыканскіх садах 28 мая 2016 г. прыбыў спецыяльны цягнік: ён даставіў каля 500 дзяцей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў з італьянскага рэгіёна Калабрыя. Штогадовая ініцыятыва “Дзіцячы цягнік” сёлета была прысвечана маленькім мігрантам, а таксама дзецям, якія прынялі іх у сваіх гарадах, школах і дамах. 

Тэма ініцыятывы: “Прынесеныя на хвалях”, перадае якім чынам ўдзельнікі падзеі патрапілі ў Італію. Многія з іх згубілі бацькоў перапраўляючыся праз Міжземнае мора, але на Апенінах змагла знайсці новыя сем’і, якія іх прынялі, як уласных дзяцей.

“Дзіцячы цягнік” вырушыў каля 6.00. У Рыме ён спыніўся на станцыі Тэрміні. Тут маладых удзельнікаў падзеі прывіталі прадстаўнікі Італьянскай чыгункі і Папскай рады па культуры. Затым дзеці выпусцілі ў неба сотні надуўных шароў – у памяць аб сваіх аднагодках,якія не здолелі дасягнуць збаўленчага берагу.

Наступным прыпынкам стаў Ватыкан, дзе адбылася сустрэча маленькіх пасажыраў з папам Францішак. Пантыфік слухаў іх, адказваў на пытанні, жартаваў, смяяўся, а таксама дзяліў боль дзяцей, згубіўшых самых блізкіх людзей. Папа распавёў, што падчас мінулай агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, адзін ратавальнік зрабіў яму незвычайны падарунак:

“Ён мне даў гэты ратавальны жылет, а затым сказаў, са слязьмі на вачах: “Ойча, я не здолеў. На хвалях была дзяўчынка, але я не здолеў яе выратаваць. Застаўся толькі гэты жылет”. Гэта жылет той дзяўчынкі. Я не хачу вас засмуціць. Вы мужныя і ведаеце праўду. У небяспецы знаходзіцца мноства юнакоў, дзяцей, мужчын і жанчын. Падумаем пра гэтую дзяўчынку. Як яе звалі? Не ведаю – дзяўчынка без імені. Кожны з вас няхай назаве яе ў сваім сэрцы, як захоча. Яна на Небе і глядзіць на нас”, - сказаў Папа.

Адна з прысутных на сустрэчы дзяўчынак спытала, што для Францішка значыць быць Папам. Пантыфік адказаў з уласцівай яму прастатой: “добра рабіць тое, што магу рабіць”. Менавіта да гэтага яго паклікаў Езус, перакананы Святы Айцец.

Сярод сёлетніх малых падарожнікаў былі 60 асоб з дзіцячага аркестра Палерма і 50 – з Асацыяцыі “Спорт без межаў”. Цягнік прадаставіла Італьянская дзяржаўная чыгунка.

Гэта чацвёрты такога роду праект, калі “Дзіцячы цягнік” прывозіць падлеткаў з італьянскіх гарадоў на сустрэчу з Пантыфікам. 30 мая 3015 г. Ватыкан наведалі дзвесце нашчадкаў бацькоў, якія знаходзяцца ў турмах. Арганізатарам штогадовай акцыі з’яўляецца Папская рада па культуры.








All the contents on this site are copyrighted ©.