2016-05-27 14:25:00

Пантыфік: вера не павінна станавіцца ідэалогіяй


Плённасць служэння Касцёлу залежыць ад асабістай лучнасці з Хрыстом і духоўнага выхавання, нагадаў 27 мая 2016 г. Пантыфік удзельнікам Генеральнага капітула Кангрэгацыі Малой Справы Божага Провіду – супольнасці айцоў арыяністаў.

Папа падкрэсліў, што галоўнае пакліканне манаскага ордэна, заснаванага св. Луіджы Арыёнэ, заключаецца ў служэнні. “Вы пакліканы і пасвечаны Богу, каб заставацца з Езусам і служыць Яму ў бедных і адчужаных з грамадства. У іх вы дакранаецеся і служыце целу Хрыста, узрастаеце ў адзінстве з Ім, заўсёды дбаючы, каб вера не ператваралася ў ідэалогію, а міласэрнасць не зводзілася да філантропіі”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец заклікаў законнікаў шукаць і загойваць раны людзей, выходзіць насустрач іх маральным і матэрыяльным патрэбам: такая дзейнасць з’яўляецца не проста плённай, але глыбока хрысціянскай і збаўленчай.

Папа нагадаў, як калісьці паплечнікаў св. Луіджы Арыёнэ называлі “бягучымі святарамі”, таму што “заўсёды бачылі іх у руху, сярод людзей, у спешцы да тых, пра каго клапаціліся”. Ён заклікаў прадаўжальнікаў справы святога жыць паводле гэтага прыкладу – не зачыняцца ў сваіх асяроддзях, але выходзіць за яго межы. “Ніколі не губляйце з поля зроку ні Касцёл, ні сваю рэлігійную супольнасць; сэрца павінна заставацца там”, аднак самім “трэба выходзіць, каб несці Божую міласэрнасць усім без выключэння”, заключыў Святы Айцец.

На заканчэнне Пантыфік нагадаў пра важнасць сведчання аб прыгажосці манаскага паклікання і нясення прыкладу годнага духоўнага жыцця “слугаў Хрыста і бедных”, каб яго наследавала  моладзь. “Жыццё нараджае жыццё, а святы і шчаслівы законнік спрыяе новым пакліканням”, - падкрэсліў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.