2016-05-27 13:04:00

Памёр кардынал Капавіла – былы сакратар Яна ХХІІІ


Адышоў у вечнасць кардынал Лорыс Франчэска Капавіла – адзін з найстарэйшых каталіцкіх іерархаў у свеце і былы асабісты сакратар папы Яна XXIII. Ён памёр 26 мая 2016 г. у клініцы імя бл. Луіджы Палацола, у Бергама. Пурпурату было 100 гадоў.

У спачувальнай тэлеграме папа Францішак падкрэсліў, што “на працягу доўгага і плённага зямнога жыцця” кардынал Капавіла “з радасцю абвяшчаў Евангелле і пакорліва служыў Каталіцкаму Касцёлу”, быў пастырам, які клапаціўся пра святароў і ўсіх вернікаў.

Франчэска Капавіла нарадзіўся 14 кастрычніка 1915 г. на поўначы Італіі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1940 г. Здзейсняў капеланскае служэнне ў выпраўленчых структурах для непаўналетніх. У час Другой сусветнай вайны быў капеланам у вайсковай авіяцыі.

Ён меў блізкія стасункі са светам каталіцкай камунікацыі: быў прапаведнікам на “Radio Venezia”, кіраўніком дыяцэзіяльнага штотыднёвіка “La Voce di San Marco” і рэдактарам венецыянскай газеты “Avvenire d’Italia”.

На працягу дзесяці гадоў з’яўляўся асабістым сакратаром папы Яна ХХІІІ, пачаўшы гэта служэнне, калі кардынал Анджэла Джузэпэ Ранкалі яшчэ быў Патрыярхам Венецыі. У 1967 г. атрымаў біскупскую сакру з рук Паўла VI. Быў арцыбіскупам дыяцэзіі Кьеці-Васта і Папскім дэлегатам ў санктуарыі Маці Божай Ларэтанскай.

З 1988 г. іерарх знаходзіўся на пенсіі і займаўся публіцыстычнай дзейнасцю. Ён напісаў некалькі кніг пра св. Яна ХХІІІ. 22 лютага 2014 г. з рук папы Францішка атрымаў кардынальскую годнасць.

Пасля смерці італьянскага пурпурата Калегія Кардыналаў складаецца з 213 іерархаў, з якіх 114 маюць права голасу на магчымым канклаве.








All the contents on this site are copyrighted ©.