2016-05-24 11:21:00

Францішак: святасць – гэта штодзённы шлях


Бездакорна крочыць у прысутнасці Бога – значыць ісці ў напрамку святасці. Для гэтага патрэбна сэрца, здольнае спадзявацца з адвагай і з прастатой адкрывацца на Божую ласкую, падкрэсліў папа Францішак 24 мая 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Паводле яго слоў, святасць з’яўляецца шляхам, які патрабуе чатырох неад’емных элементаў: адвагі, надзеі, ласкі і навяртання.

У сваёй гаміліі Папа пахіліўся над літургічным чытаннем з Першага паслання св. Пятра (1П 1,10-16), якое назваў “маленькім трактатам аб святасці”. 

“Святасць – гэта шлях. Яна не купляецца і не прадаецца, і нават не дорыцца. Святасць – гэта шлях у прысутнасці Бога, якім павінен прайсці я: яго не можа прайсці іншы ад майго імя. Я магу маліцца аб святасці іншага чалавека, але шлях павінен прайсці ён, а не я. Бездакорна крочыць у прысутнасці Бога”, - патлумачыў Пантыфік.

Францішак адзначыў, што шлях да святасці патрабуе адвагі, умацаванай надзеяй на сустрэчу з Езусам, а таксама ласкай. “Святасці мы не можам дасягнуць самі. Не! Гэта ласка. Быць добрым, святым, кожны дзень рабіць крок наперад у хрысціянскім жыцці – гэта ласка аб якой мы павінны прасіць”, - дадаў ён.

Яшчэ адным важным элементам для дасягнення святасці Пантыфік назваў штодзённае навяртанне. “Навяртанне, кожны дзень. “Але ойча, каб навярнуцца я павінен каяцца, лінчаваць самога сябе”, - скажа хтосьці. Не! Гаворка ідзе пра маленькія навяртанні. Калі здолееш не абгаварыць іншага – знаходзішся на добрым шляху, каб стаць святым. Гэта так проста!”, - сказаў Францішак і заклікаў вернікаў не сыходзіць з гэтага шляху, заўсёды робячы маленькія крокі наперад.








All the contents on this site are copyrighted ©.