
Пасля ракетнага ўдару па будынку францішканскай школы ў Алепа 22 мая 2016 г., новы кусташ Святой Зямлі заклікае аб умацаванні малітвы за Сірыю. “Хрысціяне ў Алепа патрабуюць нашай малітвы, посту і адрачэнняў”, - сказаў Ватыканскаму радыё а. Франчэска Патан.
Новы кусташ знаходзіцца ў пастаянным кантакце з францішканамі, якія засталіся ў ахопленым супрацьстаяннем горадзе. Ён распавёў, што школьны будынак, які падвергнуўся нападу, ужо не выкарыстоўваецца для сваёй першапачатковай мэты. Зараз у ім пражываюць хворыя і пажылыя людзі аб якіх клапоціцца мясцовая францішканская супольнасць.
“Мае субраты пацвердзілі, што ў выніку ўдару загінула адна жанчына, а двое падапечных гэтай структуры атрымалі раненні, у тым ліку адно дзіця. З францішканамі нічога не здарылася, хоць, канешне, ўсе яны засмучаны і напалоханы. Тым не менш, яны запэўнілі, што нягледзячы на рызыкі не пакінуць Алепа, бо жадаюць застацца побач з тымі, хто быў давераны іх апецы і душпастырскаму клопату”, - сказаў ён.
Айцец Франчэска Патан быў прызначаны новым кусташам Святой Зямлі 20 мая 2016 г. Ён паходзіць з паўночнай Італіі і належыць да Ордэну меншых братоў. Святар замяніў на гэтай пасадзе а. Пьербаціста Піцабалу, які апекаваўся кустодыяй Святой Зямлі на працягу апошніх дванаццаці гадоў. Рашэнне было зацверджана Апостальскай Сталіцай.
| All the contents on this site are copyrighted ©. |