2016-05-21 15:36:00

Папа выказаў спачуванне пасля катастрофы лайнера “Egyptair”


Ад імя Святога Айца Францішка, кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін даслаў Прэзідэнту Арабскай Рэспублікі Егіпет спачуванне, у сувязі з катастрофай пасажырскага авіялайнера “Egyptair”.

Францішак з вялікім сумам успрыняў трагічную навіну аб катастрофе егіпецкага пасажырскага лайнера. Ён “запэўнівае ў сваіх малітвах і салідарнасці ў гэты цяжкі час” і давярае душы загінулых розных нацыянальнасцяў міласэрнасці Усявышняга, гаворыцца ў тэлеграме. Пантыфік моліцца аб Божым благаслаўленні і сілах для сваякоў загінулых і ўсіх тых, хто ўдзельнічае ў пошукава-выратавальнай аперацыі.

Егіпецкі лайнер, які ляцеў з Парыжа ў Каір, зваліўся ў Міжземнае мора. Усяго на борце знаходзіліся 66 чалавек, сярод якіх былі грамадзяне Егіпта, Саудаўскай Аравіі, Францыі, Вялікабрытаніі і Ірака. Сувязь з самалётам А320 авіякампаніі “Egyptair” знікла ў ноч на 19 мая 2016 г. У той момант лайнер знаходзіўся на вышыні 11,3 тыс. метраў.








All the contents on this site are copyrighted ©.