2016-05-20 15:17:00

Францішак заклікаў шукаць праўду ў Бога


“Дзвюм рэчам навучае нас Езус: праўдзе і разуменню”, чаму не здольныя навучыць нават самыя “адукаваныя тэолагі”, замкнёныя ў пастцы “матэматычнага ўраўнення”, лічыць Святы Айцец. 20 мая 2016 г. ён узначаліў ранішнюю Эўхарыстыю ў Ватыкане.

Урывак з Евангелля паводле св. Марка (10, 1-12), які пракаментаваў Пантыфік, апісвае чарговую пастку, якую падрыхтавалі для Езуса фарысеі ў надзеі пазбавіць Яго аўтарытэту: “выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю?”.

Езус жа, каб адказаць фарысеям, звярнуўся да самой сутнасці сужэнства, да гармоніі, якая пануе ва ўсім, што створана Богам: “Будуць двое адным целам. (...) Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае”. Такой з’яўляецца непрамінальная праўда аб сужэнстве. Францішак падкрэсліў, што Езус ніколі не адмаўляецца ад праўды, у адрозненні “ад невялікай групы адукаваных тэолагаў, якія заўсёды імкнуцца звесці яе да простых фактаў”.

Імкненнем фарысеяў мераць жыццёвыя з’явы катэгорыямі “можна-нельга”, іх няздольнасцю бачыць вялікіх гарызонтаў і мець спачуванне да чалавечых слабасцяў тлумачыцца і закон Майсея, які “дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца”. “Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь”, - сказаў ім Езус.

Пантыфік адзначыў, што “у свеце, у якім жывём, з яго зменлівай культурай, грахоўная рэальнасць вельмі моцная”. І ўсё ж Езус паказвае, як шмат існуе спосабаў ёй супрацьстаяць: прабачэнне, разуменне, еднасць, праніклівасць. “Аднак праўда ніколі не прадаецца, і Езус здольны казаць гэтую праўду грэшнікам з такой веліччу і ў той жа час з такой спагадай”, - падкрэсліў Францішак і пажадаў, каб праз Духа Святога Езус напаўняў нашыя сэрцы імкненнем да праўды.








All the contents on this site are copyrighted ©.