2016-05-20 13:44:00

Папа выдаў рэскрыпт аб інстытутах кансэкраванага жыцця


У Ватыкане 20 мая 2016 г. быў апублікаваны рэксрыпт папы Францішка, за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна, які датычыць неабходнасці атрымання ўхвалы Святога Пасаду перад заснаваннем дыяцэзіяльнага інстытуту кансэкраванага жыцця.

У дакуменце адзначаецца, што “Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця мае свядомасць, што кожны новы інстытут кансэкраванага жыцця, у тым ліку і тады, калі нараджаецца і развіваецца ўнутры якога-небудзь мясцовага Касцёла – гэта заўсёды дар для ўсяго Касцёла”. У той жа час тут гучыць думка аб “неабходнасці пазбегнуць паўстання на дыяцэзіяльным узроўні новых інстытутаў кансэкраванага жыцця без дастатковага распазнання самабытнасці харызмату, які вызначае іх спецыфічныя рысы (...), і такім чынам адрознівае іх ад іншых і дае рэальную магчымасць развіцця”. Менавіта па гэтай прычыне Кангрэгацыя выказала думку аб неабходнасці лепшага акрэслення патрабаванняў, якія гучаць ў Каноне 579 Кодэксу Кананічнага Права, аб неабходнасці кіравання запыту да Апостальскай Сталіцы перад тым, як прытсупіць да стварэння новага дыяцэзіяльнага інстытута.

Таму, Святы Айцец Францішак, выслухаўшы меркаванне Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, 4 красавіка 2016 г. пастанавіў, што папярэднюю кансультацыю Святога Пасаду трэба разумець як неабходную для сапраўднасці стварэння дыяцэзіяльнага інстытута кансэкраванага жыцця, пры яе адсутнасці дэкрэт аб устанаўленні інстытута з’яўляецца несапраўдным. Рэскрыпт увойдзе ў жыццё 1 чэрвеня 2016 г. 

Канон 579 Кодэксу Кананічнага Права кажа, што дыяцэзіяльныя біскупы, кожны на сваёй тэрыторыі, могуць фармальным дэкрэтам засноўваць інстытуты кансэкраванага жыцця, але перад гэтым яны павінны пракансультавацца з Апостальскай Сталіцай.








All the contents on this site are copyrighted ©.