2016-05-19 12:28:00

Пантыфік: эксплуататары людзей – гэта крывапіўцы


Эксплуатацыя людзей дзеля абагачэння, гэта крывапіўства і смяротны грэх, сказаў Святы Айцец Францішак 19 мая 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Спасылаючыся на літургічнае чытанне з Паслання св. Якуба (5,1-6), у якім апостал папярэджвае багацеяў перад эгаістычным выкарыстаннем дабротаў, Пантыфік заўважыў, што “багацці самі па сабе з’яўляюцца каштоўнасцю”, але адноснай – “гэта не нешта абсалютнае”. 

Францішак лічыць памылковай так званую “тэалогію дабрабыту”, паводле якой “Бог дэманструе тваю правільнасць, калі адорвае вялікімі багаццямі”. Праблема заключаецца ў тым, каб не дапусціць прывязанасці сэрца да багаццяў. Бо яны могуць стаць кайданамі, якія пазбаўляюць свабоды ў наследванні Езуса, падкрэсліў Папа. Св. Якуб кажа: “Вось кліча плата, якую вы затрымалі працаўнікам, што жалі палеткі вашыя, і крык жняцоў дайшоў да вушэй Пана Магуццяў” (Як 5,4), нагадаў Папа.

Паводле яго, ва ўсім свеце існуе здабыццё багаццяў праз эксплуатацыю і змушэнне людзей да нявольніцтва. Ён крытычна выказаўся пра кароткатэрміновыя працоўныя кантракты, якія не прадугледжваюць магчымасці атрымання пенсіі або медыцынскай страхоўкі, і заключаюцца, каб пазбегнуць абавязку прыняцця чалавека на пастаянную працу. “Хто так робіць, з’яўляецца сапраўдным крывапіўцам і жыве крыважэрнасцю адносна людзей, якіх робіць нявольнікамі працы”, - сказаў Францішак.

Пантыфік таксама раскрытыкаваў паводзіны багацеяў, якія бяруць людзей на цяжкую працу за малыя грошы, карыстаючыся іх безвыходнай сітуацыяй. Гэта з’яўляецца сапраўдным рабствам і смяротным грахом, заявіў Святы Айцец і заклікаў да вызвалення ад такога падыходу да людзей.








All the contents on this site are copyrighted ©.